Касірка-закладніца вызваленая, нападнік "нейтралізаваны" (фота, відэа)

***

16.50 Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі паведаміў, што злачынца нейтралізаваны, але не ўдакладніў, што маецца на ўвазе. Пазней з'явіліся звесткі, што нападніка вывезлі на машыне "хуткай дапамогі": яго "нейтралізавалі" пасля доўгіх беспаспяховых перамоваў. 

***

16.10 Відавочцы нападу ў мінскім абменніку: Дзяўчына моцна крычала

Пра падрабязнасці нападу Еўрарадыё распавяла адна з супрацоўніц гандлёвага цэнтра "Шчасце".

Па яе словах, дзяўчына-касірка выходзіла на абед. "Гэты хлопец чакаў яе каля абменніка. І як толькі яна сабралася выйсці, ён заштрухнуў яе ўсярэдзіну і закрыў рот рукой. Побач знаходзіліся мужчыны. Калі яны гэта ўсё пабачылі, зачынілі дзверы, ключы засталіся звонку. Дзяўчына моцна крычала".

Па словах супрацоўніцы, цяпер іх усіх зачынілі ў кавярні на тэрыторыі гандлёвага цэнтра і не выпускаюць. 

***

15.53 Прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова афіцыйна пацвердзіла, што нападнік узяў у закладнікі касірку абменнага пункта. Таксама яна паведаміла, што нападнік — мужчына сярэдняга веку, а не малады хлопец. Пры сабе ён меў прадмет, падобны да зброі.

Разам з праваахоўнікамі працуе служба бяспекі банку. 

***

15.14 Са словаў мясцовай жыхаркі Вольгі tut.by паведамляе, што нападнік — добра апрануты мужчына гадоў 30.  

***
15.06. Работніца гандлёвага цэнтра ў гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё паведаміла, што касірка — маладая дзяўчына. Прозвішча касіркі яна не ведае, бо дзяўчаты ў абменніку часта мяняюцца. Таксама работніца ГЦ паведаміла, што напад адбыўся каля 13-й гадзіны.

***

Паведамляецца, што невядомы напаў на абменнік BelSwissbank у гандлёвым цэнтры "Шчасце", што ў раёне метро "Усход".

Нападнік узяў у закладнікі дзяўчыну-касіра. Пра здарэнне паведаміў Onliner.by са спасылкай на чытача. Гаворыцца, што ў мужчыны можа быць агнястрэльная зброя. На месца здарэння прыбыў АМАП. 

"Усё было ціха. Я сядзеў, працаваў. Пачуліся жаночыя крыкі. Відаць, чалавек уварваўся ўнутр абменнага пункта, пачаў пагражаць. Што ў яго было пры сабе, незразумела. Верагодна, пісталет. Неўзабаве ўсіх з гандлёвага цэнтра выгналі. Зараз ля ўваходу стаяць тры міліцэйскія машыны. Ўнутр зайшлі хлопцы ў бронекамізэльках, адзін у касцюме", — паведаміў відавочца. 

Карэспандэнт Еўрарадыё Арцём Мартыновіч з месца падзеяў паведамляе, што каля гандлёвага цэнтра стаіць "хуткая". Тэрыторыя вакол ачэпленая стужкай. 

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на месца прыбыло кіраўніцтва гарадской міліцыі. Таксама карэспандэнт Еўрарадыё пабачыў, што да сілавікоў наблізіўся святар. 

Прадстаўнік Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў паведаміў, што ім паступіла паведамленне: унутр трапіў чалавек з прадметам, падобным да пісталета. На месцы працуе спецгрупа. 

Паводле адной з версіяў, нападнік дачакаўся, пакуль касірка пачне выходзіць з абменніка, увапхнуў яе ўсярэдзіну і зачыніўся разам з ёй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі