"Вольнае паветра-2014" ці Купалле на талерцы

На маляўнічых узгорках, да якіх выкашаныя сцежкі, складзеныя вогнішчы. Пазней, уначы, іх запаляць. Берагі Буянкі добраўпарадкаваныя — тут дзеці б'юцца сякерамі ды булавамі з паралону. Дарослыя смажаць шашлыкі, чытаюць кнігі ці проста хаваюцца ў цяньку. На гары ля ўвахода граюць на бубнах, спрабуюць сябе ў мастацтве капаэйры, прадаюць хіповыя завушніцы ці драўляных сабачак. А можна ўвогуле сігануць ўніз да рэчкі на тралеі. Мы на фестывалі "Вольнае паветра".

А 17 пачынаецца музычная частка фэсту. Сёлета яна амаль класічная — ад традыцыйных матываў суседа па хутары Яўгена Зінкевіча і гурта "Рада" да гераічных спеваў ад "Старога Ольсы" і чароўных ад "Троіцы".

"Падабаецца ўсё: уражанні ад свята, музыка, кветкі, дзяўчаты і хлопцы — гэта ўсё вельмі здорава, і мы вельмі рады, што прыехалі сюды, — дзеліцца ўражаннямі Кацярына.І тое, што тут сёння святкуюць Купалле, гэта вельмі добра. Я лічу, што так трэба рабіць, і трэба больш беларускіх святаў праводзіць вось так масава".

Сапраўды, у сёлетнім лайн-апе адсутнічаюць замежныя госці — спроба адсвяткаваць Купалле ў межах вядомага оўпэн-эйра адбываецца ў практычна хатняй і ўтульнай атмасферы: маўляў, паспрабуем самі, атрымаецца — паклічам гасцей.

Vuraj прэзентуе новы альбом. "Альтанка" выдае набор чамусьці зімовых песень, "Стары Ольса" прымушае публіку варушыцца, Pafnutiy's Dreams заварожвае наваколле фантастычнымі і зусім не фолкавымі гукамі, а "Троіца" вяртае прыроду і чалавека ў стан гармоніі.

"Як чалавек некалькі кансерватыўны, сёлетнюю праграму я ўпадабаў больш за мінулагоднюю, — кажа лідар гурта ZnaRock Яўген Сокалаў. — Такі фармат — свой, беларускі, у больш класічным варыянце, для мяне бліжэйшы. Тут і не было асаблівых эксперыментаў, хіба што, Pafnutiy's Dreams, але гэта таксама было цікава. Ды і наяўнасць адной сцэны мне таксама спадабалася. Бо ў мінулыя разы былі моманты, што хацелася і там, і там паглядзець, і даводзілася разрывацца".

Праўда, хоць і "разрывацца" сёлета публіцы не даводзіцца, падаецца, што гурты некалькі сумуюць на сцэне: забавы і магчымасць разняволіцца ўсё ж дамінуюць над музыкай. Толькі бліжэй да вечара у чаканні новай уласна купальскай часткі фэсту публіка пачынае падцягвацца да сцэны.

"Купалле з трыма вогнішчамі і песнямі — гэта новая фішка, якую трэба далей папулярызаваць, і рабіць фэсты, прывязаныя да традыцыйных святаў, — перабіваюць адзін аднаго сябры Цімох і Ягор пасля начных карагодаў ды спеваў. — Атрымліваецца, што гэта не проста канцэрт а потым караоке, а нешта больш асэнсаванае і інтэрактыўнае. І там, на ўзгорках, адчувалася сапраўдная эйфарыя. Проста больш жа нідзе такога не пабачыш!"

За другую частку фэсту, тэматычна-інтэрактыўную, адказны лідар гурта Vuraj Сяргей Долгушаў.

"Я не ўпэўнены, што людзі цяпер настроеныя на спевы, — мяркуе музыка перад купальскім шэсцем. — На ўзгорак пойдуць самыя зацікаўленыя гэтым. Наша задача — аб'яднаць людзей спевам, каб загучала наваколле".

Аднак прагнозы Сяргея не спраўджваюцца, і святкаваць Купалле збіраецца добрая частка наведвальнікаў. Па плане, Сяргей раздае раздрукоўкі з тэкстамі дзвюх купальскіх песень, ладзіць невялікі воркшоп, пасля чаго над Шаблямі разносіцца "У нас сягоння Купайлачка". А яшчэ спрабуе развучыць "Вэлытай, пэрэпылко" са свайго рэпертуару. Але знаходлівая публіка заводзіць "Купалінку". У гэты момант нават бярэ радасць за беларусаў — ёсць песні, хоць і не шмат, якія мы можам завесці стройна і разам!

"Спеўны сход" на Купалле — гэта класнае пачынанне, — мяркуе Ян Верабей з гурта ZnaRock. — Усім лянотна лезці і чытаць кніжкі з беларускімі песнямі. А калі табе прыносяць і падаюць на талерачцы, грэх не скарыстацца. Тым больш, што гэта адбываецца ў такім актыўным рытме. Калі гэта будзе развівацца, будзе класная традыцыя".

Ля першага вогнішча (а ўсяго іх тры) "Купайлачка" усё ж гучыць, пачынаюцца карагоды, якія пад раніцу пераходзяць у скокі праз вогнішча. На суседнім хутары ладзіцца рэгі-вечарынка. У намётавым мястэчку не сціхаюць "Воины Света", "Мама-анархія" і "А не спеть ли нам песню о любви" да самага ранку.

"Шаблінскі (Арганізатар фэсту, — Еўрарадыё) фармуе густ слухачоў і густ да адпачынку, што вельмі важна", — кажуць наведвальнікі фестывалю. "Вольнае паветра-2014" развітваецца з публікай пад незвычайнай вясёлкай, якая невядома адкуль узнікае. Дажджом і не пахне.

Глядзіце таксама: Купалле на "Вольным паветры" (фотарэпартаж)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі