Як будуць таннець лекі ў аптэках? Адказ: ніхто не ведае

Як будуць таннець лекі ў аптэках? Адказ: ніхто не ведае

17 верасня ў эфіры тэлеканала АНТ міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка анансуе зніжэнне цэн на лекі еўрапейскіх вытворцаў у аптэках. Па яго словах, гэта здарыцца ўжо ў верасні-кастрычніку:

"Зніжэнне будзе ісці паступова, але яно будзе значным і істотным”.

 

Тыдзень да канца верасня, аптэкі нічога не ведаюць пра зніжэнне цэн.

"Мы нічога не чулі, таму не ведаем, як будзе гэта адбывацца", — кажуць Еўрарадыё ў аптэцы на вуліцы Карла Маркса ў Мінску.

У аптэцы на праспекце Незалежнасці фармацэўт распавядае, што лекі ўжо становяцца таннейшымі:

"Цэны на лекі змяншаюцца на некалькі капеек, напрыклад, на тры, пяць, дзесяць капеек. Але пасля дэнамінацыі цэны на лекі выраслі. Чаму? Пытанне не да нас. Любой гандлёвай кропцы нявыгадна, калі цэны зніжаюцца, незалежна ад таго, малако гэта ці лекі".

У дзяжурнай аптэцы насупраць мяркуюць, што пераацэнкі лекаў не адбудзецца:

"Напэўна, атрыманне лекаў будзе па іншых цэнах. Пераацэнкі як такой, нічога такога не было". 

Патлумачыць, як будуць таннець медпрэпараты ў аптэках, пастаўшчыкі лекаў таксама не могуць.

“Я не зусім гатовая даць вам нейкія каментарыі, бо ніякіх дзяржаўных рэгуляванняў дадзенага пытання не адбывалася. Думаю, што вам лепш паспрабаваць паразмаўляць з дзяржаўным прадпрыемствам “Белфармацыя”, ці Мінздароўя. У нас ёсць указ прэзідэнта аб фармаванні цэн. Усе працуюць у межах гэтага ўказа”, — адказвае супрацоўніца холдынга “Аптэка груп”, які ў тым ліку займаецца дыстрыбуцыяй лекавых сродкаў.

У Мінздраве падкрэсліваюць, што міністр Малашка гаварыў пра зніжэнне цэн на лекі ў сувязі з закупкай індыйскіх субстанцый для беларускіх фармпрадпрыемстваў. То бок, цяпер беларускія заводы будуць выпускаць лекавыя сродкі на аснове індыйскіх кампанентаў, і яны будуць каштаваць менш, чым раней. Але прычым тут медпрэпараты еўрапейскіх вытворцаў, незразумела. У прэс-службе ведамства абяцаюць патлумачыць сітуацыю Еўрарадыё ў панядзелак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі