Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018

Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018

18 снежня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні бюджэт на 2018 год. Супраць было толькі двое дэпутатаў, яшчэ адзін не прымаў удзел у галасаванні, хаця і знаходзіўся ў зале. Астатнія 105 народных абраннікаў прагаласавалі "за", хаця на тое, каб вывучыць праграмны фінансавы дакумент, у іх было ўсяго два выходныя дні: 16 і 17 снежня. Дэпутатка Ганна Канапацкая паказала Еўрарадыё, як выглядае гэтае захапляльнае чытво на выходныя:

 

Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018
Ганна Канапацкая. Фота: Еўрарадыё

Дзве тоўстыя кнігі ў руках Канапацкай — матэрыялы да праекта бюджэта на 2018 год. Апошнюю рэдакцыю дакумента дэпутаты атрымалі ўдзень у пятніцу, 15 снежня. А ў панядзелак, 18 снежня, ужо прагаласавалі "за"! Але старшыню парламенцкай Камісіі па бюджэце і фінансах Людмілу Дабрыніну гэты спрынтарскі тэмп не бянтэжыць:

 

Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018

"Мы мелі магчымасць ужо ў кастрычніку вывучыць працоўныя матэрыялы. Вы ж бачыце: параметры бюджэта не змяніліся, накіраванасць асноўных  прыярытэтаў — усё расстаўлена. А тое, што сёння кажуць, што вось літаральна некалькі дзён... Я лічу, што працавалі цягам года. Не дзень-два вырашаюць усё. Сёння мы афіцыйна маем канкрэтныя матэрыялы, у нас ёсць давер і да працы Міністэрства фінансаў, і да ўраду. А дэпутаты могуць рабіць прапановы цягам года, не трэба чакаць канкрэтных лічбаў".

У тым, што дэпутаты не пойдуць супраць ураду, роўна месяц таму запэўніваў чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка: "Калі мы тут абмяркуем і прымем — дэпутаты супраць не будуць". Кіраўнік краіны заклікаў прыняць бюджэт да 20 снежня. Але праўкі, якія неабходна было ўнесці ў дакумент, ён сфармуляваў даволі абстрактна: "Усё тут пралічана, нармальна, у асноўным усё правільна сказана. Але адно што кажу: зазямліцеся. Саскочце з верхатуры на зямлю. Людзі хочуць нармальна жыць".

Відэа: БелТА.

На дапрацоўку бюджэта спатрэбіўся аж месяц. Адсюль і спешка з прызначэннем першага і другога чытання ў Палаце прадстаўнікоў на 18 і 19 снежня — дэпутатаў фактычна пазбавілі магчымасці рабіць заўвагі, бо часу на іх унясенне ў праект бюджэта папросту няма. Яшчэ адзін цікавы момант: перад разглядам у парламенце бюджэт мусіць быць абмеркаваны на пасяджэнні Камісіі па бюджэце і фінансах. А калі ёй было сабрацца, калі ў пятніцу дакумент толькі з'явіўся, а ў панядзелак ужо трэба галасаваць?

У выніку пад вечар 18 снежня сайт Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што камісія збіралася 15 снежня — у дзень атрымання праекта бюджэта. Паглядзіце на фота, якое суправаджае тую зацемку. У вокнах светла! 

 

Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018
Фота: house.gov.by

Гэта значыць, дэпутаты сабраліся літаральна праз некалькі хвілінаў пасля таго, як дакумент трапіў у Палату прадстаўнікоў. Відаць, няпроста было ім за такі сціслы час ацаніць праўкі, якія ўносіліся цягам месяца! Але яны змаглі. І нават заключэнне падрыхтавалі — мы пабачылі яго раніцай 18 снежня:

 

Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018
Фота: Еўрарадыё.

Інструкцыю "саскочыць з верхатуры на зямлю" ў Мінфіне ўспрынялі даволі спецыфічна — пытанне пра гэта Ганна Канапацкая задала міністру фінансаў Уладзіміру Амарыну наўпрост у Авальнай зале:

"Шмат якія расходныя артыкулы бюджэта зрэзаныя практычна на 10%. Гэта кранула выдаткі на жыллёва-камунальную гаспадарку, адукацыю, ахову здароўя, сацыяльную сферу. Аднак павялічыліся адлічэнні ў рэзервовы фонд прэзідэнта Беларусі — амаль у два разы. Хацелася б ведаць, чым абумоўленая такая карэктыроўка бюджэта ў параўнанні з "нулявым" чытаннем".

Ці гэта меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, калі казаў, што "людзі хочуць нармальна жыць"? Амарын у адказ назваў карэктыроўку бюджэта "невялікім скарачэннем выдаткаў":

"Так, было праведзенае пэўнае невялікае скарачэнне выдаткаў. Не першачарговых, то бок, выключаючы нашыя выдаткі на заробак, на выкананне абавязкаў па міжнародных пазыках. Астатнія выдаткі былі некалькі скарочаныя — прыкладна на тую суму, якую вы назвалі, — аптымізаваныя і зарэзерваваныя, каб пасля, зыходзячы з вынікаў года, пры неабходнасці накіраваць сродкі на туды, дзе яны будуць патрэбныя".

 

Як дэпутаты прымалі бюджэт-2018
Фота: Еўрарадыё.

Так рэзервовы фонд прэзідэнта вырас да 1 млрд 201 млн рублёў — і стаў другім па важкасці расходным артыкулам бюджэта, пасля выдаткаў на пагашэнне знешняй пазыкі. Пры гэтым дэпутаты нават дакладна не ведаюць, на што канкрэтна выдаткоўваюцца грошы з прэзідэнцкага фонда. Не ведаюць — але ўсё роўна галасуюць "за".

Яшчэ два пытанні міністру фінансаў задала дэпутат Вольга Палітыка. Па-першае, яна пацікавілася, ці ўлічвалася пры фарміраванні мясцовых бюджэтаў лібэралізацыя бізнэс-клімату, прадугледжаная новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса і прынятым нядаўна Дэкрэтам №7. Амарын адказаў, што "ёсць пэўныя рашэнні, прынятыя кропкава".

Але дэпутат не супакоiлася i спытала, чаму з гэтага года з рэспубліканскага ў мясцовыя бюджэты пералічваецца 45% "аўтамабільнага збору", а не 50%, як анансавалася. Па яе словах, ужо сёння 30% дарожнага фонду ідзе не на рамонт дарог, а на пагашэнне крэдытаў і адсоткаў па іх. "Калі мы зараз паменшым субвенцыі ў мясцовыя бюджэты (са сродкаў якіх павінны быць прыведзеныя ў парадак мясцовыя дарогі), яны вымушаныя будуць браць крэдыты ў банках. Так мы і на мясцовым узроўні прыйдзем да таго, што сабраная пошліна будзе ісці не на дарогі, а на крэдыты і пагашэнне працэнтаў", — заўважае дэпутат.

16 млн рублёў, якіх не хапае, Палітыка прапануе атрымаць ад павышэння "на капейчыну" акцызаў на гарэлку і піва. Але Уладзімір Амарын няўмольны: "Пасля вашага пытання па акцызах на" нулявым" чытанні [бюджэту] мы прапрацавалі сітуацыю. Ніводная вобласць не падтрымала гэтую прапанову... Усё ж такі акцызная палітыка павінна заставацца такой, якая яна выпрацавана. Што датычыцца пошліны — так, ёсць некаторая аптымізацыя. Але 5% — некрытычная велічыня. Мы тут страхуем свае рызыкі ад невыканання гэтай дзяржпошліны ў будучым годзе. Таму што ў бягучым годзе мы прыкладна 25-30 млн да плана недаатрымаем. І ўжо ў кастрычніку мы прывялі ў адпаведнасці з чаканнямі суму, якая перадаецца ў мясцовыя бюджэты. Таму мы тут, так бы мовіць, захэджавалі рызыкі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі