Як Косця з Астрахані прадае ў Мінску падробку планшэта "Самсунг" (відэа)

На вуліцах Мінска людзям масава прадаюць падробкі пад планшэты “Самсунг”. Усяго за 100-200 долараў. Людзі страчваюць пачуццё рэчаіснасці, калі чуюць пра такі выгадны кошт, бо арыгінал каштуе больш за 500 долараў. Той, хто купляе падробкі, потым горкімі слязьмі плачацца пра гэта на форумах.

Прадаюць гэтыя “цацкі” звычайна хлопцы “неслвянскай знешнасці” ці “алкаголікі”. Чаму так танна прадаяце? Адказваюць, што “вельмі патрэбныя грошы”.

Як толькі ў нядзелю 10 жніўня паркуемся ля мінскага гіпермаркета BIGZZ, да нас падыходзіць чарнявы хлапец і, пазіраючы яснымі вачыма, прапаноўвае планшэт. На схаваную камеру запісваем, як выглядае працэс.

Гарантыя і чэк, якія паказвае Косця (так завуць прадаўца) відавочна вырабленыя на ксераксе. Ды ці разбярэцца ў гэтых нюансах, скажам, неабазнаная у тэхніцы хатняя гаспадыня! У “дакументах” пазначана, што кошт цацкі складае 550$. Цікавімся, чаму ж прадаўцу спатрэбілася, лічы, за бясцэнак пазбаўляцца ад планшэта.

“Правілы парушыў, двайную суцэльную на дарозе пераехаў. Мянты спынілі, хацелі правоў пазбавіць. Я ім 300 баксаў аддаў, ― пераканаўча распісвае Косця. ― Цяпер уся надзея прадаць планшэт, каб вярнуцца ў Маскву, брат”.

Спачатку хлопец зараджае за планшэт 200 долараў. Потым кошт спаўзае да 150 і 120.

Калі хочаш забраць яго, за 100 долараў аддам”, ― наскрозь працінае наша сэрца Канстанцін. Але хутка разумее, што пакупнік яму трапіўся не самы звычайны і надурыць не ўдалося.

У выніку прадавец прызнаецца, што планшэт ― кітайскі а яго закупка 80 долараў (па іншых звестках каля 50).

“У мяне сям’я, я павінен яе неяк карміць. Красці навошта? У турму садзіцца не ахвота, ― тлумачыць на развітанне Косця матывы сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці. ― Цяжкае жыццё, бачыш як. Раней цыганы качавалі, а цяпер ужо і не качуюць”.

“Упершыню ў жыцці я так трапіла, была як пад гіпнозам”

Аказваецца, беларусаў, якія трапляюць у пастку планшэтных лахатроншчыкаў, даволі шмат. На сайтах, дзе людзі перапрадаюць такія падробкі, прапаноўваў робіцца ўсё больш і больш. Амаль усе інтэрнэт-прадаўцы ― ахвяры “астраханскіх Косцяў”.

“Я яго купіла ў Расіі яшчэ перад Новым годам. Заплаціла 7000 расійскіх рублёў (каля 190$). Упершыню ў жыцці я так трапіла. Збірала грошы на планшэт. І вось ён з самай раніцы да мяне падышоў. Пачаў мне ўцюхваць-уцюхваць, ― узгадвае сваю планшэтную гісторыю жыхарка Віцебска Алена, якая стала працуе ў Пецярбургу. ― Я тады патэлефанавала сыну, ён сказаў, што кошт вельмі танны і папярэдзіў, каб была пільная. Але была як пад гіпнозам. Ён мне паказвае, а я вачыма “хлоп-хлоп”, задаволеная. Яшчэ б такая халява! Як купіла, літаральна праз гадзіну зразумела, што трапіла. Сын сказаў: “Мама, ніколі не падумаў бы, што ты купіш падробку”. І мы пачалі даваць аб’явы і яго прадаваць. Я яго нават у рукі не хачу браць”.

Сёння Алена аддае сваю кітайскую версію “Самсунга” за 70 долараў, але ніхто не купляе. А вось дырэктар кансалтынгавага агенцтва Павел выставіў “цыганскі” планшэт за 120 долараў. 

“Гэта прадалі не мне, а цесцю, на гродзенскай шашы. Як ён сказаў, “нейкі нярускі”. Ён у планшэтах не разбіраецца, патэлефанаваў параіцца, назваў марку, мадэль. Я папярэдзіў, што не трэба купляць. Але цесць не паслухаўся і заплаціў 150 долараў”.

Еўрарадыё: Ці карысталіся вы пакупкай? Як вам?

Павел: Карыстаўся, гульні ўсталёўваў. Але ў мяне арыгінальны і добры планшэт. Таму адразу зразумеў, што гэта падробка самая сапраўдная. Але дзіцяці пяцігадоваму можна аддаць на паламаць.

Падробка пад “Самсунг” у справе: сімку ўставіць немагчыма, навігатар не працуе

Еўрарадыё таксама закупіла ў аднаго прыезджага прадаўца (той таксама паказваў пашпарт, з астраханскай прапіскай) падробку пад “Самсунг”. Паспрабуем апісаць гэты апарат.

Выходзіць праз яго ў інтэрнэт магчыма пры дапамозе wi-fi. Уставіць 3G-сімку, як у іншыя планшэты, немагчыма. Запусціць у кітайскай падробцы аўтамабільны навігатар таксама нельга, бо не працуе тэхналогія GPS. Калі гэтых хібаў вам не дастаткова, то прызнаемся, што якасць карцінкі тут такая, нібы замест экрана ўставілі селікатную цагліну. Чамусьці пры светлых колерах карцінка трымціць, як тэлевізар 60-х гадоў. Ярлыкі выглядаюць агромістымі, што сведчыць пра выключна дрэнную якасць.

З выгляду салідная клавіятура, якая ідзе з планшэтам у камплекце, падрапала экран. Таму праз чатыры дні карыстання планшэт стаў выглядаць, нібы яму гады чатыры. Фота і відэакамера выдаюць вельмі сумнеўную якасць. А так, апарат працуе нармальна, хоць і павольна ў параўнанні з арыгінальнымі аналагамі. Сапраўды, магчыма карыстацца скайпам, сёрфіць па інтэрнэце, глядзець відэа, слухаць музыку і спампоўваць разнастайныя праграмкі.

***

Падробку, замаскіраваную пад “Самсунг”, мы набылі ў Першамайскім раёне Мінска каля станцыі метро “Уручча”. Таму звяртаемся да праваахоўнікаў, ці ведаюць яны аб праблеме.

Прэс-афіцэр Першамайскага РУУС Мінска Святлана Білінская паведамляе, што зваротаў ад грамадзян наконт продажу падробленых планшэтаў не паступала. Але падчас пакупкі бачна, што ні чэкаў, ні гарантый вулічныя гандляры не даюць, таму чалавек сам адказвае за легкадумную пакупку.

“Ніводнага сігналу мы не атрымалі, але ў нас ёсць тэлефон даверу, куды можна звярнуцца. Ніякіх рэйдаў пакуль не арганізоўвалася, ― дае інфармацыю Дзмітрый Бурш, намеснік начальніка аддзела інфармацыйна-тлумачальнай працы Міністэрства па падатках і зборах. ― Зразумела, такія прадаўцы парушаюць закон. Гэта тое самае, што ў нас у пераходах часам прадаюць нейкія рэчы. Стаяць бабулі і займаюцца гандлем. Гэта незарэгістраваная прадпрымальніцкая дзейнасць”.

Паводле нашага адміністрацыйнага кодэкса лахатроншчыку, які прадае падробкі, пагражае штраф ад 10 базавых адзінак.

P.S. Цікава, што падробленыя планшэты ў Мінску прадаюць прыезджыя людзі, якія знешне нагадваюць цыганоў. Пра гэта сведчыць амаль кожны, хто апёкся на неабдуманай пакупцы. Еўрарадыё двойчы у розных месцах паказвалі пашпарты з астраханскай прапіскай. Выглядае, што ў Мінску дзейнічаюць арганізаваныя групы лахатроншчыкаў. Але рэакцыі ад праваахоўных органаў пакуль няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі