Як школе заплаціць 15 тысяч бацькам вучаніцы, якая загінула “на бульбе”

Як школе заплаціць 15 тысяч бацькам вучаніцы, якая загінула “на бульбе”

Бацькам вучаніцы 11 школы з Маладзечна, якая загінула “на бульбе”, мусяць заплаціць кампенсацыю ў 50 тысяч рублёў. Гэтыя грошы выплаціць гаспадарка “Хахлова” (35 тысяч) і 11-я школа(15 тысяч), дзе вучылася дзяўчынка. Так вырашыў суд у Маладзечанскага раёна.

“Суд прыняў рашэнне, як яно будзе выконвацца і як збіраць грошы, гэта цяпер справа адказчыкаў і судовых выканаўцаў”, — каротка адказваюць у судзе.

Але, як дзяржаўнай установе сабраць гэтую суму? Падбіраем варыянты.

Скінуцца

“Гэта ж нерэальная сума, школа ж амаль не зарабляе, адкуль іх узяць”, — толькі і адказваюць у адміністрацыі школы.

Раней дырэктар Аляксандр Люльковіч ў размове з журналістамі выказваў думку, што можна скінуцца. Цяпер у школе навучаецца 713 дзяцей, калі сабраць з бацькоў, выйдзе па 21 рубель. Гэта прасцей, чым парсіць скінуцца настаўнікаў. А яшчэ можна сабраць грошы на краўдфандынгу ці папрасіць у былых выпускнікоў.

Папрасіць растэрміноўку

Школа, як дзяржаўная ўстанова, усё ж можа зарабляць. Грошы тут могуць браць за дадатковыя заняткі, арганізоўваюць гурткі і нават дадаткова рыхтаваць да паступлення. Заканадаўства гэта дазваляе. Грошы хоць і невялікія, але паступова выплаціць можна, такі варыянт прапануюць у Мінадукацыі.

“Няхай збяруць грошы паступова, у нейкую растэрміноўку. Гэта іх справа, няхай вырашаюць самі”.

Узяць з бюджэту

Па законе школа — бюджэтная дзяржаўная арганізацыя, таму заплаціць гэтыя грошы можна з бюджэту. Трэба, каб школа проста ўпісала гэта ў радок сваіх расходаў. Такі варыянт агучвае юрыст Павел Сапелка.

“Падобная гісторыя была са смерцю Ігара Пцічкіна ў СІЗА. Суд спаганяў грошы з міністэрства ўнутраных спраў. Яны спрабавалі зразумець, дзе ім узяць грошы. Пасля звярнуліся ў суд, і суд даў тлумачэнні, што гэта бюджэтныя грошы. Тады грошы спагналі з бюджэту. Гэта ж бюджэтная арганізацыя, яны пішуць, на што грошы, і ім іх выдзяляюць. Таму школе трэба вярстаць свой бюджэт з улікам гэтай запатрабаванасці”.

Вікторыя Папчэня загінула “на бульбе” восенню 2016 года. За гэта асудзілі дзвюх настаўніц, якія суправаджалі дзяўчынку, і кіроўцу грузавіка, пад коламі якога яна загінула. 

Як школе заплаціць 15 тысяч бацькам вучаніцы, якая загінула “на бульбе”
Бацькі Вікторыі Юлія і Алег. Фота: kraj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі