З пачатку года кошты ва Украіне выраслі на 3%, у Беларусі – на 5%

“На бензін кошты выраслі значна. Прыкладна на 2,5 грыўны. Напрыклад, вось у мяне чэк. 9 сакавіка літр 95-га каштаваў 11,80, а вось сёння, 17 красавіка, 14.65 ужо”, — расказвае жыхарка украінскага Мікалаева Вікторыя.

Мікалаеў цяпер — гэта нешта сярэдняе паміж рэвалюцыйным Кіевам і контррэвалюцыйным Данецкам. І хоць на ўездах і выездах з горада стаяць міліцэйскія блокпосты, прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй больш не відаць — на цэнтральнай плошчы горада толькі купка праваахоўнікаў. Так, для перастрахоўкі.

З Вікторыяй размаўляем пра рост цэн. Жыхары ахопленых беспарадкамі Луганска і Харкава расказваюць пра рэзкае падаражанне. Аднак у Мікалаеве такога няма. Акрамя паліва заўважна цэны выраслі хіба што на лекі.

“У нас падаражэлі лекі імпартнай вытворчасці. Прыкладна на 20%. І ўкраінскія таксама, з імпартнымі кампанентамі. Яны недзе на 10-20%. Гэта тое, што адразу ў вочы кідаецца”.

Словы украінкі пацвярджае наш родны Белстат, які публікуе Індэксы спажывецкіх коштаў у Беларусі і шэрагу краін СНД. Згодна з ім, інфляцыя ва Украіне за сакавік склала 2,2% (у Беларусі 1,3%). Калі ж браць першыя тры месяцы года, якія ва Украіне спакоем і стабільнасцю зусім не вызначаліся, то агульная інфляцыя дасягае 3%. А вось у мірнай і стабільнай Беларусі кошты за студзень-сакавік 2014 выраслі… амаль на 5%. Як быццам Майдан адбыўся не ў Кіеве, а ў Мінску. У Расіі, дарэчы, інфляцыя за гэты ж перыяд складае 2,4%.

Амаль не даражэла ў сакавіку ва Украіне мяса (0,1% інфляцыі, у Беларусі — 2,4%), макароны (0,9%, у Беларусі — 2,3%) і малако (0,3% росту коштаў, у Беларусі — 2,6%). Праўдзівасць статыстыкі пацвярджаюць жыхары Украіны.

“Пакет малака каштаваў, скажам, 10 грывен. І калі ён цяпер каштуе 10,15, то я не думаю, што гэта значнае падаражанне”.

Падаражанне паліва і лекаў ва Украіне можна патлумачыць скачкамі курса нацыянальнай валюты. Калі перад новым годам адзін долар у Кіеве мянялі на 8,5-9 грывен, то цяпер ужо на 11-12. А ў ахопленых прагай далучэння да Расіі Данецку і Луганску нават па 14-15.

Так што байкі пра рэзкае пагаршэнне умоваў жыцця ва Украіне пакуль можна лічыць толькі байкамі. Але толькі пакуль — эканамісты падказваюць хуткія праблемы ў гаспадарцы, звязаныя з рэзкім ростам кошту расійскага газу. Зусім не факт, што заходнія крэдыты змогуць яго пагасіць. Аднак прынамсі па ўзроўню інфляцыі сёлета Украіна пакуль выглядае значна лепш, чым Беларусь. Нягледзячы на Майдан, анэксію Крыма і антытэрарыстычную аперацыю ва ўсходніх абласцях.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі