“За некалькі гадзінаў напружанай працы мы можам зрабіць два вершы”

“За некалькі гадзінаў напружанай працы мы можам зрабіць два вершы”

Еўрарадыё: Не першы год гавораць, што Біблію перакладаюць на беларускую мову. Ці рэальна здзейсніць такі амбітны праект?

Ірына Дубянецкая: У 2012 годзе мы запрасілі вельмі многа людзей, так ці інакш датычных да перакладу Бібліі ці адаптацыі на беларускую мову складанай рэлігійнай і сакральнай лексікі. У выніку з чатырох краін з’ехаліся людзі, пераважна беларусы, мы чыталі даклады па праблемах перакладу агулам, або перакладу канкрэтных кніг Бібліі, або пра лінгвістычныя праблемы і праблемы беларускай мовы. Усе так натхніліся і ўразіліся кваліфікацыямі і магчымасцямі адно аднаго, што падумалі: чаму б не ўзяцца за гэтую працу. Пад працай маецца на ўвазе пераклад Бібліі па сучасных біблістычных, культуралагічных стандартах, з улікам традыцыі беларускіх перакладаў. Даследаванні паказалі, што пераклады Бібліі давалі моцны штуршок развіццю нацыянальных ці лакальных культур, закладалі падмурак для літаратурнай мовы і рабілі велізарную кансалідацыйную працу ў грамадстве. Германія — яскравы прыклад: па сутнасці, Біблія Лютэра і стварыла нямецкую нацыю. Неперакладзеная Біблія выліваецца ў недафармаваную нацыянальную свядомасць.

Еўрарадыё: То бок мы закрываем нацыянальны гештальт?

Ірына Дубянецкая: Гэта мусіць быць этап. Не засвоіўшы напоўніцу асноўны тэкст заходняй цывілізацыі, мы не можам інтэгравацца ў гэтую цывілізацыю.

Еўрарадыё: Узнікае пытанне: а што з папярэднімі перакладамі не так?

Ірына Дубянецкая: З кожным сваё. У перакладзе Дзекуць-Малея існуе толькі Новы Запавет. Пераклад рабіўся ў 20-я гады і быў выдадзены ў 1931 годзе. І ён застаецца найлепшым перакладам Новага Запавету на беларускую мову, хаця пасля яго з’явілася яшчэ некалькі перакладаў. Самы апошні Запавет быў перакладзены зусім нядаўна — гэта той Новы Запавет, які рабіўся ад канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя пры брацтве віленскіх пакутнікаў Петрапаўлаўскай царквы. Поўных ці амаль поўных перакладаў выйшла тры: Яна Станкевіча, які ў беларускую мову прыносіў новыя словы, такія як “спадар”, “святар”, і там габрэйская Біблія перакладзеная паводле пратэстанцкага канону — 39 кніг замест 46. Два іншыя пераклады выйшлі ў XXI стагоддзі: Васіля Сёмухі і Беларускага біблійнага таварыства.

Васіль Сёмуха перакладаў пераважна з расійскай Сінадальнай Бібліі з улікам Бібліі Лютэра, то бок арыгінальнымі мовамі ён не карыстаўся, і па пратэстанцкім каноне. У 2012 годзе выйшаў пераклад Беларускага біблійнага таварыства, які грунтуецца на перакладзе Уладзіслава Чарняўскага. Гэта першая беларуская Біблія, дзе 46 кніг Старога Запавету, але Уладзіслаў Чарняўскі ў сваім перакладзе пераважна карыстаўся польскай Бібліяй Тысячагоддзя, перакладаў з лаціны, і гэта зноў жа не пераклад з моваў арыгіналу.

Еўрарадыё: Як ідзе праца над перакладам і колькі чалавек працуе?

Ірына Дубянецкая: За некалькі гадзінаў супольнай, вельмі напружанай працы мы можам зрабіць два вершы. І нават у гэтых двух вершах застаецца 7-8 пытанняў, якія мы пакідаем на потым. Мы перакладаем з 2015 года і на сённяшні дзень больш-менш даробленыя чатыры раздзелы Кнігі роду, Песня Песняў, і мы працуем над Евангеллем Яна. У нас была мара на 500-годзе беларускай друкаванай Бібліі Скарыны зрабіць свой унёсак, тым больш што мы называлі “сваю” Біблію “Скарына-XXI”. Цяпер мы яе называем умоўна “новая беларуская Біблія”. Але не паспяваем. Поўнай колькасці заангажаваных у працу няма. Хто перакладае з габрэйскай мовы — Сяргей Шупа, я, Караліна Мацкевіч, Галіна Сініла і Павал Касцюкевіч, з грэцкай — пакуль толькі Ягор Прыстаўка і, магчыма, будзе Сяргей Сурыновіч. Пры гэтым з намі супрацоўнічаюць філолагі, літаратары, стылісты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі