За праезд "зайцам" і бойку з кантралёрам — больш як год турмы (відэа)

Роўна год таму на прыпынку "Гроднатэкстыль" па вуліцы Горкага ў Гродне адбыўся інцыдэнт, які выклікаў вялікі рэзананс у інтэрнэце. Малады чалавек, які трапіўся кантралёрам без квітка, стукнуў кантралёра кулаком у твар, зламаўшы яму сківіцу. 

Безбілетнік змог уцячы, а кантралёр звярнуўся па медыцынскую дапамогу і з заявай у міліцыю. 

19-гадовы хлопец ужо меў судзімасць, піша сайт s13.ru. Праўда, суд прызначыў яму тады пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Потым была амністыя, і свабоду маладога чалавека абмежавалі часткова — на адзін год. Хлопец павінен быў знаходзіцца па месцы жыхарства з 19-й да 6.30. Але маладому хлопцу не сядзелася дома, ён раз-пораз атрымліваў папярэджанні і вымовы ад супрацоўнікаў міліцыі. Ігнараваў ён і абавязковую рэгістрацыю ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. 

На момант нанясення ўдару кантралёру неадбыты тэрмін пакарання склаў 1 месяц і 17 дзён. Суд прызнаў Вадзіма Вішнеўскага вінаватым і прызначыў яму пакаранне — адзін год і тры месяцы ў калоніі агульнага рэжыму.

Дарэчы, кошт праезду ў грамадскім транспарце на час парушэння складаў 2000 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі