Замест школьнікаў на бульбу прыцягваюць санітарак з бальніц і настаўнікаў

Замест школьнікаў на бульбу прыцягваюць санітарак з бальніц і настаўнікаў

Год таму школьны збор бульбы ў калгасе скончыўся гібеллю дзяўчынкі пад коламі грузавіка. Школьнікаў на калгасныя палі больш не накіроўваюць. Іх месца занялі настаўнікі і санітаркі.

У ААТ "Навасёлкі-Лучай" Пастаўскага раёну лічаць, што гэта нармальна, маўляў грошы ўсім будуць заплачаныя:

"Настаўнікам будуць выплачыная грошы за гэта. Заключаны дагавор паміж прадпрыемствам і школамі, — распавядае Еўрарадыё прадстаўнік калгаса Уладзіслаў Шаршнёў. — Настаўнікі ў асноўным прыязджаюць у суботу. У буднія дні збіраць бульбу мы ходзім, сельсавет, з санаторыя "Ветразь", з бальніцы даюць людзей".

Але навошта калгасу так многа бульбы, цэлых 30 гектараў, калі самі сабраць не могуць!? Галоўны аграном ААТ "Навасёлкі-Лучай" Вера Мукель не лічыць, што гэта многа: "Ураджай, можа, быў бы і нічога, але ўсё заліло вадой, няма як збіраць. Цяпер ураджай даходзіць да 150 цэнтнераў з гектара (удвая менш, чым па краіне). Штогод мы саджаем дзесьці 30-40 гектараў, як нам раён загадае. Але няма збыту на бульбу. Цяпер ніхто не хоча браць, амаль што няма куды яе падзець".

У калгасе "Усход-Агра", дзе ў мінулым годзе загінула школьніца, збіраюць бульбу з 150 гектараў, але ўвогуле без дапамогі школьнікаў і настаўнікаў. Дырэктар калгаса Юрый Матус распавядае, што прыцягнулі да бульбы толькі людзей з біржы працы.

Пастаўская сярэдняя школа №2, дзе настаўнікі ідуць працаваць у выхадныя на калгасную бульбу, не вельмі гэтым задаволеная. Але выхаду з сітуацыі не бачыць:

"У нас выязджаюць толькі тыя, у каго ў суботу няма гурткоў і факультатываў. Выязджалі два разы, у апошні раз было 13 педагогаў разам са мной і 8 чалавек з тэхперсаналу”, — расказвае Еўрарадыё дырэктар школы Ігар Мадвейка.

Дырэктар школы і не спадзяецца на вялікія сумы: "Я задаваў гэтае пытанне намесніку па ідэалогіі, і ён адказаў наступнае, цытую: "Вы, па-першае, дарослыя, значыць, у вас будуць меншыя расцэнкі, чым у дзяцей. Па-другое, гэта будзе залежаць ад ураджайнасці і якасці ўборкі, гэта значыць, ад танажу".

Акрамя настаўнікаў на бульбу выходзіць і персанал Пастаўскай раённай бальніцы. Гэта іх падшэфны калгас, таму “мы абавязаны”:

"Мы абавязаныя ім дапамогу аказваць, калі яны просяць. Ад лякарні адпраўляецца 6-7 чалавек. Усё гэта адбываецца ў працоўны час, ніхто ў выхадныя нікога не ганяе. Здымаем санітарак і санітараў са змены і адпраўляем у поле, калі яны вяртаюцца раней, чым заканчваецца іх працоўны дзень, то яны дапрацоўваюць сваю змену, — тлумачыць Еўрарадыё галоўная медсястра Святлана Казакевіч. — Медсясцёр не адпраўляем, яны ж павінны аказваць дапамогу хвораму".

У Міністэрстве адукацыі не бачаць праблемы ў тым, што настаўнікі працуюць у полі ў вольны ад асноўнай работы час. Але кажуць, што настаўнікаў не павінны прымушаць гэта рабіць замест урокаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі