Здарэнне з пажарнымі падчас рэпетыцыі парада: што адбылося насамрэч?

Здарэнне з пажарнымі падчас рэпетыцыі парада: што адбылося насамрэч?

Падчас генеральнай рэпетыцыі ваеннага парада на скрыжаванні вуліц Сурганаваі і Якуба Коласа ў Мінску адбылося чарговае здарэнне, якое выклікала хвалю абурэння ў сацыяльных сетках. Каля 23-й гадзіны, праціскаючыся праз аўтамабільны корак, да скрыжавання выехалі пажарныя машыны. Але перасекчы вуліцу Сурганава супрацоўнікі МНС так і не здолелі, бо па ёй няспынна рухалася калона вайсковай тэхнікі.

“Пажарныя пад’ехалі з сірэнай і мігалкамі, — распавядае відавочца падзеяў Стась. — Спачатку яны проста некалькі разоў пасігналілі, але дзяжурны даішнік азірнуўся і нібыта махнуў на іх рукой. У выніку пажарны выйшаў з машыны, падышоў да даішніка, але той даволі нервова разводзіў рукамі, маўляў, што ты ад мяне хочаш. Але саму размову я чуць не мог, хоць быў даволі блізка. Праз нейкі час пажарны яшчэ раз падышоў да міліцыянта. Пасля чаго яны яшчэ пастаялі нядоўгі час і з’ехалі”.

Відэа Вольгі Быкоўскай

Агулам пажарныя машыны правялі на скрыжаванні каля дзесяці хвілін, не выключаючы маячкі, але ўжо без сірэны. Паводле паведамлення прэс-службы МНС, у гэты час у рэстаране на Багдана Хмяльніцкага, 7 адбылося ўзгаранне элементаў вонкавай рэкламы. То бок пажарныя машыны захраслі прыкладна ў 400 метрах ад месца выкліку.

“Дзеля таго, каб максімальна хутка прыехаць да месца выкліку, былі выкліканыя тыя падраздзяленні, што знаходзіліся на дзяжурстве на рэпетыцыі параду, — распавядае прэс-сакратар МНС па Мінску Вольга Мельчанка. — Але, каб на дзяжурстве на парадзе не было недахопу пажарнай тэхнікі, была праведзеная перадыслакацыя. То бок тыя аўтамабілі, якія ёсць на відэа і на фота са скрыжавання, ехалі на перадыслакацыю. Пажарныя проста ўдакладнялі ў супрацоўніка ДАІ, куды ім лепей пад’ехаць і стаць, каб дзяжурыць”.

Тое, што пажарныя машыны рухаліся з мігалкамі і сірэнамі, супрацоўніца МНС патлумачыла неабходнасцю хутка заняць апусцелую пазіцыю дзяжурства на парадзе.

“Супрацоўнік ДАІ ўвогуле не спрабаваў ніякіх дзеянняў рабіць, — працягвае Стась. — Я амаль што дакладна магу сказаць, што ніякай рацыі ён не даставаў. Ён увесь час сачыў за калонай, у яго быў жэзл у руках і ўсё. Але насамрэч, спыніць калону на 10 секунд, і пажарныя б праехалі. Вайсковая тэхніка рухалася даволі павольна, паміж ёй былі нармальныя інтэрвалы, але, відаць, ніхто проста не захацеў браць на сябе ніякай адказнасці, і няхай яно там недзе гарыць сабе”.

Цікава, што як толькі машыны МНС з'ехалі, калона вайсковай тэхнікі цалкам спынілася і стаяла прыкладна паўгадзіны. Людзям нават далі спакойна пераходзіць вуліцу Сурганава паміж ракетнымі цягачамі, але толькі з аднаго боку.

“Пажарная да нас прыехала хвілін праз 15-20 пасля выкліку, — кажуць у кавярні, якая выклікала МНС. — Мы бачылі ў інтэрнэце відэа з пажарнымі машынамі на скрыжаванні Сурганава. Атрымліваецца, што да нас пажарныя прыехалі ўжо пасля таго, як захраслі гэтыя машыны”.

Цікава, чаму тыя машыны, што “ехалі на перадыслакацыю” апынуліся побач з месцам здарэння раней за іншы нарад — незразумела. Добра, што ўзгаранне не перакінулася ў памяшканне і абышлося без ахвяр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі