Зміцер Дрозд: Архівы КДБ закрытыя, а без іх мы не дазнаемся маштабаў рэпрэсій

Зміцер Дрозд: Архівы КДБ закрытыя, а без іх мы не дазнаемся маштабаў рэпрэсій

На сёння мы не ведаем не толькі імёнаў усіх рэпрэсаваных у часы бальшавіцкіх рэпрэсій, але нават да канца не ўяўляем іх маштабы. А без гэтага не зразумець, як дзяржава з прыгожымі і правільнымі ідэаламі сацыялізму скацілася ў рэпрэсіі. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказвае гісторык Зміцер Дрозд.

Дрозд: “Мы не разумеем нават усяго маштабу рэпрэсій. Бо казалі пра 100 тысяч, 200 тысяч, а цяпер мы ў Беларусі кажам пра 600 тысяч ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій. Але ж гэта не ўсе ахвяры. Бо рэпрэсіі заўжды закраналі ўсю сям’ю. Не было так, што расстралялі аднаго чалавека, а астатніх гэта не закранула: уся сям’я станавілася “ворагам народа”, для ўсёй сям’і практычна была закрытая будучыня: дзеці не маглі вучыцца, не маглі працаваць нармальна. Да ўсяго, мы проста не разумеем, як дзяржава ў адно імгненне скацілася ў гэта. Два-тры загады — і ўсё: сотні тысяч ахвяр”.

Даведацца ўсю праўду пра бальшавіцкі тэрор немагчыма без матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве КДБ, кажа суразмоўца Еўрарадыё. Але вывучаць гэтыя матэрыялы спецслужба Беларусі не дазваляе. Парушаючы беларускія ж законы, сцвярджае Дрозд.

Дрозд: “У адрозненне ад Літвы, Польшчы і Украіны, у Беларусі гэтыя архівы так і не адкрылі. А без свабоднага доступу да архіваў КДБ вывучаць тэму бальшавіцкіх рэпрэсій у Беларусі мы не можам. Не, у Нацархіве, у некаторых абласных архівах ёсць пэўныя матэрыялы па раскулачаных, нават некаторыя іх справы былі туды перададзеныя, але для сур’ёзнага вывучэння тэмы ў тых архівах матэрыялаў няма. А трапіць у архіў КДБ практычна немагчыма цяпер: мы можам браць толькі матэрыялы сваяка, і тое ў выпадку, калі дакажам, што гэта сваяк. Я звяртаўся ў КДБ з просьбай патлумачыць умовы свабоднай працы ў архіве КДБ мяне як гісторыка. Яны адмовілі, спасылаючыся на таямніцу асабістага жыцця. Але таямніца гэтая распаўсюджваецца толькі на 75 гадоў пасля смерці чалавека. Сёлета 80-я ўгодкі “вялікага тэрору”. Адпаведна, усе падзеі 1937–1938 гадоў не трапляюць ні пад якія абмежаванні. Няма ніякіх законных падстаў забараніць нам вывучэнне справаў, якім больш за 75 гадоў і якія захоўваюцца ў архівах КДБ. З іх усіх грыф сакрэтнасці даўно зняты, і яны павінныя быць перададзеныя для вывучэння”.

Па словах гісторыка, менавіта гэтыя праблемы навуковага вывучэння тэмы бальшавіцкага тэрору ў Беларусі стануць асноўнай тэмай Форуму “Бальшавіцкі тэрор. Права на высвятленне ісціны”. Форум пройдзе ў Мінску 22 жніўня ў памяшканні Прэс-клуба.

 

Цалкам размову са Змітром Драздом можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі