20 ліпеня — год са дня забойства Паўла Шарамета

20 ліпеня — год са дня забойства Паўла Шарамета

Роўна год таму, раніцай 20 ліпеня 2016-га, у Кіеве загінуў вядомы беларускі журналіст Павел Шарамет. Машына, у якой ён ехаў, выбухнула ў самым цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка.

Роўна год доўжыцца расследаванне гібелі Паўла Шарамета. Антон Герашчанка, дэпутат Вярхоўнай рады і дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны, адразу звязаў забойства з журналісцкай дзейнасцю Шарамета і ўказаў на "расійскі след". 

А ўзімку следчыя знайшлі і "беларускі след". Па іх звестках, жанчына, якая заклала выбухоўку ў машыну Шарамета, прайшла каля беларускай амбасады ў Кіеве перад тым, як схавацца ў метро. Маршрут гэтай жанчыны падаўся следчым "незвычайным".

Ні забойцы, ні заказчыкі гучнага злачынства дагэтуль не названыя. Журналісты праводзяць уласнае расследаванне гібелі калегі — яны знайшлі 6 сведкаў, якія пабывалі на месцы злачынства, і якіх не апытала афіцыйнае следства. Вынікі незалежнага расследавання выкладзеныя ў фільме "Забойства Паўла":

"Мы ўжо стаміліся лавіць гэтых людзей на хлусні!"кажа пра сілавікоў, што займаюцца пошукам забойцаў Шарамета, кіраўнік "Слідство.Інфо" Дзмітрый Гнап. І дадае, што ва Украіне праваахоўныя органы чамусьці не вельмі рупліва праводзяць расследаванні рэзанансных забойстваў.

Павел Шарамет нарадзіўся ў Беларусі ў 1971 годзе і пачаў там сваю журналісцкую кар’еру. У 1997 годзе падчас падрыхтоўкі скандальнага рэпартажа для расійскага тэлеканала ОНТ з беларуска-літоўскай мяжы, у якім паказаў, што яна фактычна не ахоўваецца, быў затрыманы сілавікамі. Быў асуджаны ўмоўна. Пасля да 2011 года жыў і працаваў у Маскве. Адначасова стварыў рэсурс “Беларускі партызан”, на якім публікуюцца вострыя крытычныя матэрыялы на беларускую палітычную тэматыку.

З 2012 года перабраўся ў Кіеў і актыўна супрацоўнічаў з “Украінскай праўдай”, быў вядучым на Радыё “Весці”.

У Паўла Шарамета засталіся жонка, сын і дачка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі