200 мільёнаў долараў сёмага траншу ад ЕФСР Беларусь не атрымае
Беларусь не атрымае 200 мільёнаў долараў апошняга, сёмага траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на прэс-службу Еўразійскага банка развіцця.
"Перыяд даступнасці сродкаў фінансавага крэдыту са сродкаў ЕФСР Рэспубліцы Беларусь мінуў 30 чэрвеня 2019 года, і з пытаннем пра яго далейшае падаўжэнне Мінфін РБ да Упраўляючага не звяртаўся. З улікам гэтага дыскусіі па пытанні сёмага траншу не маюць юрыдычнай глебы", — кажуць у банку.
У рамках крэдыту Беларусь атрымала ад ЕФСР 1,8 мільярда долараў. Апошні транш у 200 мільёнаў беларускія ўлады планавалі атрымаць у красавіку. Аднак тады расійскія эксперты заявілі, што Мінск спазніўся з выкананнем умоў атрымання траншу. У прыватнасці, новы праект закона аб банкруцтве быў унесены на разгляд у парламент нясвоечасова.
Пазней міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў казаў, што Беларусь атрымае і 200 мільёнаў долараў крэдыту ЕФСР, і 600 мільёнаў даляраў расійскага дзяржкрэдыту. Але грошы так ў Мінск і не прыйшлі. Пазней расійскія чыноўнікі заявілі, што атрыманне гэтых крэдытаў прывязанае да тэмпаў "інтэграцыйных працэсаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.