31 студзеня працягнецца перагляд справы Андрэя Бандарэнкі
31-а студзеня ў Мінскім гарадзкім судзе працягнецца працэс па справе бізнэсоўца, сябра АГП Андрэя Бандарэнкі.
Бандарэнка, адбыўшы год зняволення паводле прысуду ў справе, дзе яму былі выстаўленыя абвінавачанні спярша ў крадзяжы, а затым у махлярстве, дамогся перагляду справы, паведамляе Радыё свабода.
У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але не быў абраны, спрабаваў аспрэчыць вынікі галасавання і апынуўся за кратамі на 6 гадоў.
Бацька прадпрымальніка Валер Бандарэнка кажа пра трэці па ліку працэс над сынам.
"Пачалі апытваць сведак. Адзін з іх змяніў свае паказанні, якія даваў падчас папярэдняга разгляду справы. Суддзя цікавіўся, чаму ён мяняе паказанні. Той адказаў, што быццам гаворыць тое самае", - распавёў Бандарэнка.
Працэс над Андрэем Бандарэнкам гэтым разам вядзе суддзя Таццяна Ермаловіч.