57-гадовая мінчанка стала лепшай на Міжнародным конкурсе прыгажосці
Пераможца конкурсу прыгажосці Таццяна Брэдзелева / instagram
57-гадовая мінчанка Таццяна Брэдзелева выіграла Міжнародны конкурс прыгажосці Ms.Top Of The World. Яна перамагла ў катэгорыі Classic, дзе спаборнічалі дзесяць удзельніц старэйшых за 46 гадоў. Таццяна звязвае поспех з тым, што ў 2020-м годзе беларускі сталі сусветным брендам, а яшчэ — з парадамі Вольгі Хіжынковай.
— Пастаралася проста быць шчырай і адкрытай, як раіла мне напярэдадні конкурсу "Міс Беларусь" Вольга Хіжынкова. Я не ведаю, што канкрэтна скарыла журы, але, думаю, яны не выстаялі перад прыгажосцю і упэўненасцю беларускіх жанчын, якіх у гэтым годзе можна назваць ужо сусветным брэндам. 2020 год — гэта несумненна наш год, год беларускіх жанчын. Мы вартыя захаплення. І карона, якая дасталася Беларусі, гэтаму пацверджанне, — перадае словы пераможцы TUT.by.
Конкурс упершыню прайшоў у онлайн-фармаце. Сам фінал доўжыўся тры дні. Удзельніцы загадзя рыхтавалі для яго фота і відэа, журы разглядала іх у прамым эфіры.
У першым этапе удзельніцы дэманстравалі свае таленты. Таццяна распавядала пра жывапіс, пра фарбы і палатно, якія дапамагаюць ёй казаць тое, да чаго не заўсёды можна падабраць словы. Журы таксама ацэньвала фотасесію ў купальніках і нацыянальных касцюмах.
Наступны этап — відэавізітоўка. Таццяна распавяла пра Беларусь і пра тое, якімі жанчынамі ганарыцца краіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.