7 ліпеня 2017 года — 135 гадоў са дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня 2017 года — 135 гадоў са дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня 2017 года спаўняецца 135 гадоў са дня нараджэння паэта Янкі Купалы. Класік беларускай літаратуры нарадзіўся ў 1882 годзе ў фальварку Вязынка пад Мінскам. У 1903-4 гадах Купала надрукаваў свае першыя вершы на польскай мове, а першае беларускамоўнае выступленне паэта ў друку адбылося 15 траўня 1905 года ў газеце "Северо-Западный край", якая апублікавала верш "Мужык".

З таго часу Янка Купала напісаў безліч вершаў, некалькі паэмаў і драматычных твораў. Разам з Якубам Коласам паэт лічыцца стваральнікам беларускай літаратурнай мовы. Творчасць Купалы прызнаецца за летапіс жыцця беларускага народа.

У Мінску з нагоды юбілея Янкі Купалы праходзяць чытанні ў скверы, названым у гонар паэта. А ў Радашковічах 9 ліпеня пройдзе "Купалаў фэст". Менавіта ў гэтым мястэчку 12 ліпеня 1882 года Янку Купалу хрысцілі.

З нагоды юбілея Янкі Купалы 7 ліпеня выказаўся Аляксандр Лукашэнка:

"Зорка Янкі Купалы ўзышла ў пераломную эпоху, калі Беларусь рабіла першыя крокі да ўласнай дзяржаўнасці. Сілай свайго таленту паэт вызначыў шляхі развіцця роднай мовы і культуры, азначыў духоўныя арыенціры многіх пакаленняў, — гаворыцца ў прывітальнай прамове кіраўніка дзяржавы. — Таму сёння мы, грамадзяне суверэннай краіны, ганарымся і папулярызуем купалаўскую спадчыну, беражліва захоўваем яе для нашчадкаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі