ААН выказалася пра адмову Мінска ад пратакола, што дазваляў скардзіцца на ўлады
Гэты ход уладаў пазбавіць ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі магчымасці звяртацца са сваімі скаргамі ў ААН / pixabay
Камітэт ААН па правах чалавека пракаментаваў дэнансацыю Беларуссю пратакола, які дазваляў ахвярам рэпрэсій звярнуцца за справядлівасцю ў Арганізацыю аб'яднаных нацый.
Гаворка ідзе пра Першы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы. Беларусь падпісала пратакол 30 гадоў назад. Усяго яго ратыфікавалі 117 краін. Беларусь стала 4-ай краінай за ўсю гісторыю, якая адмовілася ад пратакола. І адзінай краінай, якая зрабіла гэта ў XXI стагоддзі.
"Магчымасць падачы індывідуальных петыцый у Камітэт, без сумневу, з'яўляецца сродкам, да якога звярталіся і працягваюць звяртацца шмат якія асобы, што імкнуцца да справядлівасці. Пазбаўленне ахвяр такой важнай магчымасці з'яўляецца сур'ёзнай і прыкрай перашкодай для абароны праў чалавека ў адпаведнасці з Пактам", — заявіла старшыня Камітэта па правах чалавека Фаціні Пазарцыс.
За апошнія трыццаць гадоў Камітэт разгледзеў сотні скаргаў па розных пытаннях: ад свабоды выказвання думак і права на мірныя сходы да справядлівага судовага разбору ў судзе.
У камітэце адзначаюць, што Беларусь прыняла такое рашэнне, не прадставіўшы нават канкрэтных тлумачэнняў, а таксама не кансультуючыся з грамадзянскай супольнасцю і няўрадавымі арганізацыямі.
Камітэт адзначыў, што дэнансацыя набудзе сілу 8 лютага 2023 года, праз тры месяцы пасля таго, як Генеральны сакратар ААН атрымаў паведамленне пра яе ад Беларусі. Дагэтуль камітэт працягне прымаць, рэгістраваць і разглядаць усе скаргі, якія ён атрымае ад беларусаў. І да таго ж, усе скаргі, якія цяпер знаходзяцца на этапе разгляду, будуць апрацаваныя.
"Камітэт па-ранейшаму спадзяецца, што Рэспубліка Беларусь перагледзіць сваё рашэнне і зможа зноў далучыцца да Факультатыўнага пратакола ў будучыні, аднавіўшы правы, якімі доўгі час валодаў яе народ", — дадала Пазарцыс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.