Абітурыент: Пайду ў скульптары, бо пасля можна хоць зваршчыкам працаваць

“Я з пяці гадоў займаюся ў ансамблі беларускай песні “Цернічка”. З малых гадоў я марыла граць на цымбалах, але не атрымалася. Вось адтуль і пайшла любоў да народных спеваў”, — адказвае Ксенія Шышко і збіраецца на народныя спевы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Каля ўніверсітэта людна ўжо ў першы дзень падачы дакументаў. Падаваць дакументы прыходзяць нават… будучыя рок-спявачкі.

“Будзем граць, можа быць, рок, можа, зробім нешта новае”, — кажа Валерыя з Маладзечна. І ўжо збіраецца ствараць свой гурт. Галоўнае — паступіць.

Наступнай падаваць дакументы ідзе расіянка Наста Акудовіч. Прыехала ў Беларусь, каб вывучыцца на актрысу тэатра. Бо дома з гэтым цяжэй, запэўнівае мяне дзяўчына.

“У нас на акторскае бяруць да 17 гадоў дзяўчат, а на рэжысуру — з 21-го года. А тут любы чалавек можа паступіць, нягледзячы на ўзрост. Я вельмі люблю тэатр і ў мяне ёсць беларускія карані”, — тлумачыць Еўрарадыё абітурыентка.

“Я мару цяпер стаць актрысай. З дзяцінства марыла быць рэжысёрам, але гэта сфера ў нас не развітая, няма сэнсу на гэта вучыцца”, — канстатуе Марыя з Докшыц, якая паступае на менеджара-культуролага. Можа, правядзе на радзіме канцэрт “Ляпісаў”…

За гадзіну, якую праводжу каля Універсітэта культуры і мастацтваў, дакументы нясуць падаваць больш за 30 чалавек.

А вось у Акадэміі мастацтваў наплыў меншы. Да 12-й гадзіны дакументы прыносяць паўтара дзясятка чалавек.

“Пайду на скульптуру, бо вучуся ўжо восем гадоў на скульптара. А пасля можна хоць зваршчыкам працаваць, хоць мулярам. Захочаш — заробіш”, — апісвае Павел сваю ўніверсальную прафесію. І дадае, што балаў хопіць, каб паступіць.

Нагадаем, сёлета цэнтралізаванае тэставанне здавалі 114 тысяч абітурыентаў. З іх 40 тысяч не набралі неабходныя балы для паступлення ва ўніверсітэты, а гэта — 35% ад усіх паступаючых. У гэтым годзе ВНУ гатовыя прыняць 79 тысяч абітурыентаў, 30,5 тысяч — на бюджэтныя месцы. А гэта значыць, бясплатных месцаў — на кожнага другога паступаючага.

Валерыя, якая марыць стаць рок-спявачкай

Фізічны факультэт: Можам недабраць 30%-40% студэнтаў

Карэспандэнтка Еўрарадыё наўгад набрала 22 балы па біялогіі!

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі