Абнародаваны даклад па расследаванні крушэння "Боінга" над Данбасам
"Боінг" рэйса МН17 у ліпені 2014 года быў збіты над Украінай ракетай, запушчанай з населенага пункта Снежнае, які і тады, і цяпер кантралююць сепаратысты. Ракету выпусціў комплекс "Бук", прывезены ва Украіну з Расіі. Пра гэта сваякам загінулых паведаміла міжнародная следчая група, якая расследуе крушэнне пасажырскага самалёта "Малайзійскіх авіяліній" каля Данецка.
Пракурор Нідэрландаў Фрэд Вестэрбеке паведаміў, што следчыя прагледзелі паўмільёна відэа, перахапілі мноства тэлефонных перамоваў. Пры гэтым следчыя не раскрыюць ўсе вядомыя ім факты, бо гэта можа паўплываць на далейшае расследаванне. Па словах Вестэрбеке, з версіяў катастрофы можна выключыць тэхнічную няспраўнасць або тэракт унутры лайнера, а таксама атаку з іншага самалёта.
Міжнародная камісія заяўляе пра існаванне спісу са ста падазроных у датычнасці да крушэння. Але вызначыць віну кожнага канкрэтнага чалавека павінен суд.
Бліжэйшым часам у Гаазе следчыя павінны абвясціць прамежкавыя вынікі працы расследавання, перадае Бі-Бі-Сі. У склад міжнароднай следчай групы ўваходзяць прадстаўнікі Нідэрландаў, Аўстраліі, Малайзіі, Бельгіі ды Украіны. Яны дзейнічаюць пры падтрымцы рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН.
Высновы групы могуць стаць асновай для крымінальнага пераследу.
Расія напярэдадні дакладу чарговы раз выступіла з заявай, што яе тэхніка не зафіксавала ракеты каля малайзійскага "Боінга".
Нагадаем, што пры крушэнні "Боінга" рэйса МН17 загінулі ўсе 298 чалавек, якія былі ў самалёце.