Абраны новы генпадрадчык для будаўніцтва "Газпрам цэнтра"
У студзені 2018 года плануецца аднавіць будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпрам цэнтр". Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" распавёў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Фёдар Рымашэўскі.
"Нядаўна вызначаны новы генпадрадчык, які працягне працы на аб'екце. Гэта замежная кампанія. Цяпер ідзе прапрацоўка і падпісанне дамоўных адносін паміж замоўцам і падраднай арганізацыяй", — паведаміў падрабязнасці чыноўнік. Ён дадаў, што найперш адновіцца будаўніцтва высотнай часткі комплексу.
Раней паведамлялася, што будаўніцтва "Газпрам цэнтра" на месцы былога аўтавакзала "Маскоўскі" спынілі праз адсутнасць фінансавання. Неафіцыйная версія абвяшчала, што на будаўніцтве былі выяўленыя дэфекты падмурку.