Абвінавачванне супраць гендырэктара "Барысаўдрэва" часткова абверглі
У Мінскім абласным судзе працягваецца працэс над былым гендырэктарам кампаніі "Барысаўдрэў" Уладзімірам Мальцавым.
Нагадаем, што ў першы дзень Мальцава звінавацілі ў тым, што ён лабіраваў інтарэсы турэцкай кампаніі "Персей". Абвінавачанне заявіла, быццам дырэктар "Барысаўдрэва" купіў турэцкае абсталяванне, не разглядаючы іншыя варыянты, а потым яшчэ і заключыў з кампаніяй дамову на мантаж абсталявання, хоць тая не мела дазволу на гэты від работаў.
Як піша nn.by, у судзе выступіў начальнік аддзела экспертызы Мінскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Уладзімір Гарбарэц. Ён запэўніў, што турэцкая кампанія "Персей" мела дазвол на пастаўку абсталявання ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што туркам не патрабавалася мець дазвол на мантаж, бо яны з'яўляюцца вытворцам абсталявання. А вось калі б мантаж праводзіла любая іншая кампанія, яна мусіла б мець спецыяльны дазвол на мантаж.
Праўда, частку абвінавачання сведкі падтрымалі. Так, Мальцаў закупіў у туркаў тэрмамасляны кацёл — даражэйшы, чым звычайны паравы. Паводле высновы экспертаў Беларускага цеплаэнергетычнага інстытута, гэтая тэхніка не магла працаваць у беларускіх кліматычных умовах. На кацёл, які фактычна і стаў прычынай крымінальнай справы, усталявалі дадатковую сістэму падагрэву для бесперапыннай працы.
Выканаўца абавязкаў дырэктара Беларускага цеплаэнергетычнага інстытута Алег Зінчанка патлумачыў, што купля больш дарагога абсталявання была магчымай, калі б абгрунтавалі неабходнасць і яго акупляльнасць.
Мальцаў запытаўся ў эксперта: калі б тэхнічнае заданне на куплю цепламаслянага катла не адпавядала нарматывам і заканадаўству, ці магло яно прайсці экспертызу? Зінчанка заявіў, што экспертыза не далаб сваю згоду.
Фота — АНТ