АГП і Партыя БНФ атрымалі папярэджанні
Аб’яднаная грамадзянская партыя атрымала папярэджанне Міністэрства юстыцыі Беларусі. Чыноўнікі палічылі, што старшыня партыі Анатоль Лябедзька парушыў патрабаванні адразу двух законаў — “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і “Аб палітычных партыях”. Справа ў тым, што Лябедзька быў сярод заяўнікаў вулічнай акцыі на 25 сакавіка ў Мінску. Мінюст заўважыў, што арганізатары не дачакаліся рашэння сталічных уладаў і распаўсюджвалі ў СМІ, у інтэрнэце заклікі прыняць удзел у мерапрыемстве, агучвалі яго сцэнар. Цікава, што Анатоль Лябедзька напярэдадні Дня Волі знаходзіўся ў Маладзечне, дзе адбываў адміністрацыйны арышт.
У лісце, які АГП атрымала з Мінюста за подпісам міністра Алега Сліжэўскага, адзначаецца, што ў выпадку паўторнага такога парушэння да партыі могуць ужыць “іншыя меры адказнасці”.
Прэс-служба Партыі БНФ паведамляе, што яна таксама атрымала папярэджанне Мінюста. Падставы ідэнтычныя.