Аб'яднаны Пераходны Кабінет патрабуе поўнага вываду расійскіх войскаў з Беларусі

Расійскія вайскоўцы / ria.ru

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі выступіў з заявай "Аб прад'яўленні патрабаванняў да Расійскай Федэрацыі па безумоўным вывадзе войскаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". У ім пяць пунктаў. Аб'яднаны Пераходны Кабінет патрабуе ад Расіі "безумоўнага, неадкладнага і поўнага вывядзення ўсіх сваіх войскаў і ваенных аб'ектаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Заяўляецца, што "двухбаковыя пагадненні паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, якiя пагражаюць суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" лічацца несапраўднымі.

"Лічыць неабходным выхад Рэспублікі Беларусь з ваенна-палітычных і эканамічных саюзаў з Расійскай Федэрацыяй і выбудоўванне новай рэгіянальнай сістэмы бяспекі з удзелам дзяржаваў, якія прызнаюць і паважаюць незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і нацыянальную ідэнтычнасць Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў заяве.

Таксама Аб'яднаны Пераходны Кабінет звяртаецца да міжнароднай супольнасці (да ААН, АБСЕ, Савета Еўропы, ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады і іншых краін, міжнародных арганізацый) "з заклікам падтрымаць сваю заяўленую палітыку па забеспячэнні незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь комплекснымі практычнымі захадамі ва ўзаемадзеянні з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам".

Аб'яднаны Пераходны Кабінет дэкларуе, што "будзе дабівацца дэакупацыі Рэспублікі Беларусь усімі даступнымі сродкамі на падставе нормаў і прынцыпаў міжнароднага права".

Дзейнасцю Аб'яднанага Пераходнага Кабінета кіруе Святлана Ціханоўская.

t.me/CabinetBelarus

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.