Адключаць батарэі ў Мінску не плануюць
У Мінску не плануюць адключаць ацяпленне, а тэмпература батарэяў рэгулюецца аўтаматычна. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка".
"Для адключэння ацяплення няма прычын, бо тэмпература ў дамах рэгулюецца сістэмай аўтаматыкі ў залежнасці ад тэмпературы вонкавага паветра. Можа быць, у кагосьці дома яна проста спрацавала не так, як трэба, таму занадта горача. Бо ацяпленне запусцілі нядаўна, гэты працэс спалучаны з рознымі нюансамі, не заўсёды вытрымліваюцца зададзеныя параметры. Рэжым прапальвання, дарэчы, — састарэлы тэрмін, бо цяпер усё аўтаматызавана, у кожным доме рэгуляванне адбываецца аўтаномна", — кажуць камунальнікі.
Спецыялісты параілі жыхарам дамоў, дзе батарэі занадта гарачыя, звяртацца ў камунальныя службы для наладкі сістэмы аўтаматыкі. Рашэнняў на ўзроўні гарадскіх уладаў не будзе.
Раней паведамлялася, што ў рэжым прапальвання пераведзеныя сістэмы ацяплення ў Гомелі, Брэсце, Гродне.