Адміністрацыя ЕГУ пазбаўляецца ад старшыні самакіравання
Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анатоль Міхайлаў адмовіўся працягваць працоўны кантракт кіраўніку сената Паўлу Церашковічу.
Церашковіч падаў у рэктарат заяву з просьбай працягнуць кантракт, бо ёсць патрэба падоўжыць дзеянне віду на жыхарства ў Літве, перадае Радыё "Свабода". Аднак на заяве стаіць рэзалюцыя рэктара Анатоля Міхайлава: адмовіць.
Па словах Церашковіча, да канца верасня ён яшчэ можа выкладаць ва ўніверсітэце, пакуль дзейнічае яго кантракт. Аднак фактычна пасля 23 красавіка, калі сканчаецца дзеянне віду на жыхарства, ён ужо не зможа гэта рабіць.
Нагадаем, што канфлікт паміж адміністрацыяй універсітэта і групай выкладчыкаў, якія зараз узначалілі акадэмічнае самакіраванне, цягнецца не першы месяц.