Адразу ў 2-х чытаннях — дэпутаты прынялі закон "Аб генацыдзе беларускага народа"
Законапраект "Аб генацыдзе беларускага народа" дэпутаты ўхвалілі аднагалосна / @housegovby
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у аўторак прынялі адразу ў двух чытаннях законапраект "Аб генацыдзе беларускага народа", паведамляе БЕЛТА.
Дакумент каля тыдня таму з'явіўся на Нацыянальным прававым партале. Яго ўнесла на разгляд ніжняй палаты беларускага парламента дэпутат Лілія Ананіч. Законапраект прадугледжвае ўвядзенне крымінальнай адказнасці за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд да 1951-га года. За адмаўленне генацыду будзе пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі, а за паўторнае парушэнне гэтага закона — да 10 гадоў.
Пад беларускім народам аўтары законапраекта разумеюць усіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі
"Прыняцце законапраекта будзе мець важнае палітычнае значэнне, замацуе ў гістарычнай памяці справядлівую ацэнку злачынстваў нацыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі", — тлумачыць ідэю БЕЛТА.
Напярэдадні ў інтэрв'ю Еўрарадыё сваю версію адказу на пытанне, навошта беларускім уладам спатрэбіўся гэты законапраект, сфармуляваў кандыдат гістарычных навук, даследчык Беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ стагоддзя Аляксандр Пашкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.