Хабар дрылямі і царкоўным начыннем: за што затрымалі дырэктара Палаца спорту
16 лютага Еўрарадыё напісала пра тое, што адстаўка міністра спорту Аляксандра Шамко звязана з карупцыйным скандалам у мінскім Палацы спорту. Сёння гэтая інфармацыя афіцыйна пацвердзілася: Сяргея Прановіча сапраўды затрымалі за хабар.
КДБ заявіў, што памеры паднашэнняў складалі ад 100 да 1200 долараў. Сумы залежалі ад рэнтабельнасці, чаканай ад выставы ці гандлёвай кропкі. "Грошы паступалі практычна кожны працоўны дзень – да 20 пэўна ўстаноўленых фактаў за месяц, – раскрывае падрабязнасці справы БелТА са спасылкай на "СБ. Беларусь сегодня". – Ён браў хабар усім, чым заўгодна: ад дрыля і шуруповерта да мікрахвалевай печы, ад квітка на канцэрт да бутэлькі алкаголю. Дарэчы, пры вобшуку ў яго было канфіскавана алкагольных напояў на суму каля $5 тысяч".
Сяргей Прановіч быў затрыманы 5 лютага ў сваім службовым кабінеце, дзе атрымліваў хабар за прадастаўленне плошчаў палаца пад чарговую выставу. Па звестках КДБ, з 2014 года затрыманы патрабаваў грошы літаральна ва ўсіх, хто спрабаваў скарыстацца памяшканнямі палаца: "Яму плацілі гандляры прысмакамі і арганізатары мастацкіх выставаў, арганізатары канцэртаў і пастаўшчыкі абсталявання, дырэктары прыватных прадпрыемстваў і нават спартыўных каманд".
З паказанняў пацярпелых вынікае, што Прановіч не асоба хітрыў, прымушаючы людзей да незаконных выплат. Ён адкрыта казаў, што, акрамя афіцыйных сум за арэнду, неабходна прадугледзець і яго асабісты інтарэс. Такім чынам, ён ператварыў хабару ў сістэму.
Дарэчы, КДБ сцвярджае, што Сяргей Прановіч патрабаваў грошы не толькі ў камерсантаў. Прадстаўніцам аднаго з манастыроў за права правесці на плошчах Палаца спорту рэлігійную выставу трэба было перадаць $1,2 тысячы. Паколькі грошай у сясцёр не аказалася, Прановіч пагадзіўся прыняць паднашэнне абразом і царкоўным начыннем, але пазней палічыў, што гэтага недастаткова, і патрабаваў знайсці грошы.
Паведамляецца, што дырэктар рэгулярна патрабаваў адкаты: каля 10% ад кошту выкананых па замове палаца работ або паставак ішло ў яго кішэню. За грошы ад камерцыйных структур ён набыў загарадны катэдж і пазадарожнік.
Цяпер справай займаецца Следчы камітэт.
Напярэдадні стала вядома пра адстаўку міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко. Фармулёўка была наступная: "За непрыняццё дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамственных арганізацыях". Тады ж з'явілася версія, што адстаўка Шамко звязаная з карупцыйным скандалам у Палацы спорту. І яна пацвердзілася.