Чым Кенія адрозніваецца ад Беларусі (фота, відэа)
Журналісты Еўрарадыё расказваюць, чаму ў Найробі нельга хадзіць па вуліцах пасля 19-й, якія цэны ў крамах і як да белых ставяцца мясцовыя.
11-я гадзіна дня. Пасля 2-гадзіннага перасоўвання ў бясконцым заторы мы выходзім з таксоўкі ля гатэля. За машынай закрываецца трохметровая, абабітая жалезам брама. Ля ўваходу ў фае — людзі ў форме і з металашукальнікамі. “Прыехалі…” — моўчкі пераглядваемся паміж сабой.
Вандроўка ў Кенію пачынаецца з самалёта — гэта “Боінг 777” “Кенійскіх авіяліній” з Амстэрдама. Кампанія моцна здзіўляе якасцю абслугоўвання. Нідэрландская KLM адпачывае, сур’ёзна. Відаць, чым бяднейшая краіна тым круцейшыя авіялініі. Бо і ежа, і сервіс на борце круцейшы, чым на рэйсе з Вены ў Вашынгтон. Як і на любы траскантынентальны пералёт, цана квітка вялікая — каля тысячы долараў увесь маршрут Мінск-Амстэрдам-Найробі і назад.
Наш самалёт мае імя – Масаі Мара
Прыгоды пачынаюцца адразу пасля прызямлення. Да вялізнага надзейнага самалёта падганяюць хісткі трап, які калышацца ад кожнага кроку. Такога ў мінскім аэрапорце даўно няма.
Па прылёце робіцца зразумела: большасць пасажыраў ляціць не ў Найробі. Турысты маюць тут толькі перасадку і накіроўваюцца далей, у Танзанію ці куды бліжэй да Індыйскага акіяна.
А нас вязуць на аўтобусе ў мясцовы тэрмінал, які выглядае зусім не так крута, як самалёт, — па сутнасці, ангар з пунктамі пропуску і афармленнем візы і адным абменнікам. Тут рыхтуем кіпу патрэбных дакументаў для атрымання візы (браніраванне гатэля, квіткі назад, запрашэнне, страхоўка), якую беларусам ставяць адразу ў аэрапорце. Памежнік бярэ пашпарт і адразу весялее:
“О! Беларусь! 50 баксаў, калі ласка”, — гэта ўсё, што ад яго чуем. Плацім 50 баксаў за візу — і больш ніякіх пытанняў. Памежнік скануе адбіткі пальцаў, робіць здымак і ўклейвае візу ў пашпарт: “Карыбу Кенія!”
У адрозненне ад многіх гарадоў, абменны курс у аэрапорце Найробі найлепшы, таму мяняць грошы можа смела тут.
Ехаць у горад лепш на таксі. Іх тут шмат, даехаць да цэнтра Найробі каштуе 25 долараў, ці 2500 шылінгаў. Але заторы… Яны ў сталіцы Кеніі круцейшыя, чым у Маскве, і гэта трэба ўлічваць. Цэны на таксі такія ж, як у Мінску.
У Найробі жыве больш за 4 мільёны чалавек, сярод іх адзін мільён у трушчобах. Сам горад вельмі цікавы: тут ёсць трушчобы, ёсць паркі і хмарачосы, дарагія гатэлі, але не паўсюль ёсць тратуары. Дарагія дамы і гатэлі агароджаныя чатырохметровым плотам, некаторыя яшчэ праводзяць электрычнасць і калючы дрот для надзейнасці. Нармальны стан уязной брамы — зачынена. Аўтамабілі правяраюцца на ўездзе на любую тэрыторыю гатэля, жылога ці офіснага будынка.
Бяспека ў мінскім метро нішто ў параўнанні з бяспекай у кенійскім супермаркеце. Тут кожнага абшукаюць ці прапусцяць праз рамку на ўваходзе ў любы банк, краму ці кавярню. Толькі некаторыя забягалаўкі для мясцовых не маюць такой бяспекі. Ну і белых не абшукваюць у гатэлі.
Прайсці па цэнтры горада спакойна не атрымліваецца — адразу заўважаем на сабе погляды мясцовых. І першая спроба — дарэчы, арыгінальная — узяць з нас бабла.
— Адкуль вы, хлопцы? Чаго прыехалі?
— О, журналісты! А я выкладчык універа. Збіраю подпісы за лепшае жыццё для студэнтаў. Вось, падпішыце тут, у нас людзі з розных краін падпісваюцца.
Мужчына дае паперку, пачынаю запаўняць — імя, прозвішча, тэлефон, сума...
— Якая яшчэ сума?
— Ну, дайце колькі не шкада для студэнтаў!
— У нас няма наяўных.
— Дык я зараз пакажу вам банкамат.
— Не, прабачце. Наступным разам.
Мы з ім яшчэ сустрэнемся.
"Матату" прымусілі наляпіць жоўтыя палоскі зусім нядаўна
Грамадскі транспарт у Найробі — невялікія аўтобусы ці маршруткі, якія называюцца “матату”. Працэс зазывання людзей выглядае вельмі шумна і цікава: спецыяльна навучаныя хлопчыкі крычаць назву маршрута і калоцяць рукой па шкле тарантаса.
Чыгуначны вакзал — увогуле фантастыка. Каб трапіць туды, трэба мець квіток на адзіны пасажырскі цягнік краіны “Найробі — Мамбаса”. Мы гаворым, што хочам паглядзець расклад і пад пільны позірк ахоўніка праходзім унутр. Сам вакзал, які пабудавалі англічане, калі заснавалі тут калонію, з тых часоў не мяняў свайго выгляду — разбураныя сцены і перон, на якім стаіць іржавы цягнік.
Цямнее на экватары недзе а 19-й гадзіне, хадзіць пасля гэтага часу па горадзе турыстам вельмі не раяць — і не дзіўна, калі побач мільён чалавек жыве ў трушчобах, ім няма чаго есці і губляць. Таму спяшаемся вярнуцца за высокі плот гатэля як найхутчэй, а ўся гэтая спешка нагадвае фільмы пра зомбі ці вампіраў, калі да надыходу цемры трэба паспець схавацца. Але гэта сапраўды можа быць небяспечна.
Па дарозе да нас падыходзіць яшчэ адзін мужчына і цікавіцца, адкуль мы. Пасля роспытаў кажа, што ўпершыню размаўляе з такімі людзьмі, і прапануе выпіць кавы. На нашу адмову рэагуе нервова:
“Чаму не хочаце размаўляць са мной? Вы, можа, расісты? — гэтае пытанне задаецца гучна пасярод горада, дзе адны афрыканцы. — Як там у вас у Беларусі з расізмам?”
Адказваем, што не расісты, а проста спяшаемся і не маем грошай. А ў Беларусі ўсё добра — расізму няма.
Вярнуцца ў гатэль вырашаем праз прыгожы парк у цэнтры Найробі, яшчэ нядаўна тут дзікія жывёлы проста бегалі па горадзе. Цяпер іх можна сустрэць на ускрайку. Ідзем з пакетамі з крамы і сустракаем нашага знаёмага настаўніка:
— О, мае сябры беларусы! Бачу, грошы ўжо маеце.
— Ой, ды вазьмі вось манеткі, усё, што засталося
— Я бачу, у цябе ў кішэні яшчэ купюра ёсць.
Аддаю і купюру, каб адчапіўся барацьбіт за правы студэнтаў. А Алесь не дае нічога.
“Гасподзь пакарае цябе!” — крычыць наш “сябар” і сыходзіць.
Прагульваючыся па цэнтры горада, пастаянна заўважаем людзей са зброяй: можа, гэта і вайскоўцы, але апазнавальных знакаў яны не маюць. Вось сядзіць мужчына з калашом і прадае газеты.
Зусім побач з Найробі знаходзіцца Нацыянальны парк, кракадзілавая ферма, цэнтр жырафаў і прытулак для маленькіх сланоў. Даехаць туды можна на таксі, каштаваць дарога ў два бакі будзе каля 50 долараў. Кіроўца вас яшчэ і пачакае.
Па дарозе туды проста побач з дарогай сустракаем малпаў, зебраў і знаёмага нам “пумбу” які жуе траўку на ўзбочыне.
Каб паспець паглядзець на сланоў, трэба ехаць у прытулак да 11-й гадзіны, бо ў гэты час яны прыходзяць есці, а потым сыходзяць у парк гуляць. А вось патрымаць кракадзіла ў руках можна ў любы час. Квіток каштуе каля 10 долараў. Гід праводзіць нас па ферме паказвае кракадзілаў і страусаў. У канцы экскурсіі кіроўца таксі падказвае нам, што гіду прынята даваць на гарбату, таму адшкадоўваем яшчэ грошай.
Нельга сказаць, што ў Кеніі ўсё вельмі танна. Таксі каштуе як у Мінску, піва ў краме нават даражэйшае. Цэны ў рэстаранах прыблізна як нашыя, толькі порцыі большыя. Бутэлька піва каштуе тры долары, каля 9 долараў каштуе добры бургер з бульбай у рэстаране.
Улічваючы цэны на гатэль (90-200 долараў за нумар) і самалёт, паездку ў Афрыку не назавеш бюджэтнай. Хаця цэны на гатэлі тут, у прынцыпе, як у Мінску. Каб нешта пабачыць, давядзецца патраціцца яшчэ і на сафары, а калі хочаце пабываць у некалькіх нацпарках, то і не адзін раз. Плюс таксі. Бо ездзіць на “матата” — гэта, канечне, большы экстрым, чым камфортная вандроўка.
Афрыка прыгожая і вельмі непадобная да Еўропы. З’ездзіць туды, можа, і варта. Але калі не пабываць у Найробі, то вы не пабачыце сапраўдную Афрыку, а толькі тую, якую паказваюць па Nat Geo Wild.
Здымкаў Найробі атрымалася не так шмат. Бо тут улады пайшлі далей, чым нашы, фатаграфаваць нельга не толькі адміністрацыйныя будынкі але і гатэлі, крамы, гандлёвыя цэнтры... Карацей, дакладна можна здымаць толькі пальмы.