Афрыканская чума свіней дабралася да Магілёва? (фота)

У фэйсбуку з'явіліся здымкі перакрытай дарогі на пасёлак Усход, што знаходзіцца амаль на мяжы горада Магілёва. Дарогу ў адным месцы перагарадзілі бетоннымі плітамі, у іншым проста паставілі знак, які забараняе праезд.

У мясцовай краме "Усход" ужо тыдзень няма свініны, пра гэта Еўрарадыё паведамілі самі прадаўцы. Наконт прычыны сказалі толькі, што з мясам праблемы. Мясцовым жыхарам улады прычыны усяго гэтага тлумачаць неабходнасцю прафілактыкі.

Нагадаем, што ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана ўжо два ачагі афрыканскай чумы свіней. Першы ў Іўеўскім раёне, другі — у Віцебскім.

Дзяржава кампенсуе насельніцтву страты, звязаныя з адабраннем свіней з мэтай недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі краіны афрыканскай чумы свіней. За 1 кг жывога вагі сёння выплачваецца 18 тысяч 337 рублёў — гэта кошт 1 кг свініны другой катэгорыі.

Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная.

Фота facebook.com/sergey.laputin

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі