Афрыканская чума свіней зарэгістраваная і ў беларускіх дзікоў
Людзей просяць не хадзіць у тыя лясы, дзе шмат дзікіх свіней.
Вось што распавялі Еўрарадыё ў Стаўбцоўскім лясніцтве:
“Былі такія выпадкі [афрыканскай чумы свіней сярод дзікоў] бліжэй да Іўеўшчыны. Ля Стоўбцаў ціха пакуль, спакойна”.
У лясніцтве кажуць, што просяць людзей не хадзіць у тыя лясы, дзе шмат дзікоў. Людзі могуць "занесці заразу" на абутку альбо вопратцы. Аднак цалкам кантраляваць сітуацыю складана — усе лясы аховай не ачапіць.
Нагадаем, што на мінулым тыдні Дзяржаўная ветэрынарна-харчовая служба Літвы афіцыйна звярнулася ў Еўрапейскую камісію з просьбай аб выдзяленні 3,5 млн. еўра (12 млн. літаў) на забеспячэнне абароны ад афрыканскай чумы свіней, успышка якой зафіксавана ў суседняй Беларусі (нагадаем, афіцыйна названыя два ачагі — Іўеўскі і Віцебскі раёны). Літоўцы хочуць збудаваць 500-кіламетровы плот на мяжы Літвы і Беларусі, каб спыніць такім чынам свабоднае перамяшчэнне дзікіх звяроў.
Фота — bymedia.net