Агітатары запрашаюць пратэстоўцаў вяртацца з-за мяжы. На што яны разлічваюць?

Агітатары запрашаюць пратэстоўцаў вяртацца з-за мяжы. На што яны разлічваюць?

Нядаўна беларусы, якія пасля падзеяў 2020 года з’ехалі з Беларусі, пачалі атрымліваць у месенджарах паведамленні з прапановай вяртацца дадому. Фэйкавыя акаўнты нібыта гарантуюць бесперашкоднае вяртанне і адсутнасць увагі з боку сілавікоў.

Зразумела, што цяпер у Беларусі такія ўмовы мала хто можа гарантаваць — што ўжо гаварыць пра ўладальнікаў сумнеўных тэлеграм-профіляў. Але навошта і каму патрэбнае распаўсюджванне такой “заманухі”? Ці гэтыя людзі сапраўды лічаць, што гэта спрацуе “на дурня” і нехта вырашыць паехаць з-за мяжы наўпрост на Акрэсціна?

— Я думаю, што ў любым выпадку гэта гульня на нервах, — разважае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. — Гэта калі датычыцца людзей, якія сапраўды вядуць актыўную публічную працу. Калі спецслужбы ведаюць, што ад такого чалавека залежыць блог ці медыя з вялікім ахопам альбо ім нехта казаў, што ў такога чалавека быў нервовы зрыў, таму што яму цяжка за межамі радзімы. Яны папросту могуць пагуляць на яго нервах, напісаць пару СМС. Маўляў, вяртайся, тут усё будзе добра. Чалавек падумаў “А можа, вярнуцца?”, потым перадумаў. На гэтакіх вагах, зноў-такі, яго нервовая сістэма.

— Я не дзіўлюся ўвогуле ніякім рэчам такога кшталту, таму што даўно зразумела, што беларускія ўлады — і ў першую чаргу сілавы блок — зараз існуюць у парадыгме вайны, — лічыць палітычны аглядальнік. — Там ідэолагі і вышэйшае кіраўніцтва нават пераканала некаторых шараговых выканаўцаў у тым, што 2020 год — гэта не вынік незадаволенасці насельніцтва крывымі ўчынкамі ўлады падчас пандэміі, адсталасцю і нізкім узроўнем жыцця. Гэта вынік нейкай спецаперацыі, і гэта ўсё гібрыдна, таму ў іх [пратэстоўцаў. — Еўрарадыё] няма зброі.

Маўляў, фэйкі і тэлеграм-каналы — гэта “іх зброя”, і таму мы можам адказваць як заўгодна. Яны [сілавікі. — Еўрарадыё] існуюць у парадыгме таго, што быццам яны супрацьстаяць не большасці беларускага народа, а нейкім людзям, якія вядуць гэтую вайну. І таму яны дапускаюць для сябе выкарыстоўванне любых сродкаў, у тым ліку і псіхалагічных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі