Аховай Беларускай АЭС будзе камандаваць сын экс-міністра абароны
Вайсковая часць унутраных войскаў МУС Беларусі, якая будзе ахоўваць атамную электрастанцыю ў Астраўцы, ужо створаная. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў начальнік прэс-службы ўнутраных войскаў Уладзімір Пархомцаў.
Па яго словах, у часць ужо прызначылі камандаванне, ідзе падбор асабістага складу, будуецца ваенны гарадок.
Часць атрымала нумар 7434. Цалкам яе фармаванне павінна завяршыцца ў верасні 2017 года.
Камандзірам часці прызначаны падпалкоўнік Віктар Жадобін. Гэта сын былога дзяржсакратара Савета бяспекі, экс-міністра абароны генерал-лейтэнанта Юрыя Жадобіна, адпраўленага ў адстаўку ў 2014 годзе.