Акцыя супраць хатняга гвалту ў Мінску: скрываўленыя сукенкі і майткі ў парку
8 кастрычніка ў мінскім парку Горкага прайшла акцыя супраць хатняга гвалту. Актывісты вывесілі на дрэвах скрываўленую жаночую вопратку і бялізну. Да сукенак і майткоў прымацаваныя аркушы паперы з надпісамі: “Міліцыя цябе не абароніць!”, “Кожная трэцяя беларуска падвяргаецца фізічнаму гвалту” і іншыя, піша KYKY.org са спасылкай на відавочцаў падзеі.
На зямлі ляжаць улёткі з інфармацыяй для ахвяраў хатняга гвалту.
Як мы пісалі раней, 5 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на канцэпцыю законапраекта аб хатнім гвалце:
"Усё гэта — дур, узятая, перш за ўсё, з Захаду. Дзесьці хтосьці бразнуў аб супрацьдзеянні гвалту ў сям'і. Гэта зараз модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем'яў не будзе: мужык на мужыку жэніцца або замуж выходзіць. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзінаў у сям'і".
"Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома. Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў".