Акторы Купалаўскага чыталі Купалу
135 гадоў таму нарадзіўся беларускі паэт і драматург Янка Купала. У яго гонар на тэрасе кавярні “Аўстэрыя Уршуля” за Купалаўскім тэатрам у Мінску гучалі вершы беларускіх паэтаў, і, канечне, вершы самога Янкі Купалы ў жывым выкананні вядомых драматычных акцёраў Купалаўскага: Міхаіла Зуя, Валянціны Гарцуевай, Андрэя Саўчанкі (актор і рэжысёр), Дзмітрыя Тумаса і Святланы Анікей.
Вечар распачалі актор Купалаўскага Раман Падаляка і літаратарка, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Купалаўскага тэатра Вольга Бабкова. Пасля з некалькімі творамі выступіў Уладзімір Арлоў. Як заўсёды, прыемна здзівіў публіку Андрусь Такінданг. У паўзах паміж вершамі гучаў цудоўны ханг у выкананні Івана Крываноса.
Напрыканцы вечарыны вядучы Раман Падаляка даў магчымасць усім ахвочым, хто не губляецца на сцэне, прачытаць улюбёныя вершы.