Актывіст распавёў пра ціск з-за фота ля бізнес-цэнтра “Красавік”

Актывіст распавёў пра ціск з-за фота ля бізнес-цэнтра “Красавік”

Актывіст кампаніі Legalize Belarus Пётр Маркелаў распавёў, што міліцыянты ціснуць на яго сваякоў. Нагодай для ўвагі з боку сілавікоў стала фота, на якім актывіст стаіць побач з мінскім бізнес-цэнтрам “Красавік”.

“Па месцы рэгістрацыі прыходзіў участковы. Паказваў бабулі маю фотку насупраць бізнес-цэнтра “Красавік”. Сказаў, гэта экстрэмізм, і мне пагражае буйны штраф або арышт”, — распавядае Маркелаў.

Фота, пра якое ідзе гаворка, апублікаванае ў Facebook. Яно было зробленае ў сярэдзіне сакавіка ў знак пратэста супраць штрафаў, якімі маладых беларусаў караюць за здымкі ў сацсетках і за рэпосты гэтых здымкаў. На фота бачныя толькі чатыры літары з сярэдзіны назвы “Красавік”. Іх можна прыняць за англамоўную абрэвіятуру, непрыемную для міліцыянтаў.

Актывіст распавёў пра ціск з-за фота ля бізнес-цэнтра “Красавік”
"Экстрэмісцкі" фрагмент назвы "Красавік" заблёраны / www.facebook.com/KonnikPahoni

Некаторыя на першы погляд бяскрыўдныя надпісы на вопратцы, налепках і г.д. лічацца ў Беларусі экстрымісцкімі. Міліцыя ўважліва сочыць за публікацыямі ў сацсетках і знаходзіць такія надпісы на фота, а суд карае актывістаў (напрыклад, Вячаслава і Марыю Касінеравых, Міколу Дзядка) вялікімі — па $500 — штрафамі.

“Кожны такі выпадак, які талеруецца грамадзтвам, усё больш укараняе і нармалізуе практыку несвабоды, — каментуе ўжо свой “экстрэмісцкі” здымак на фоне “Красавіка” Пётр Маркелаў. — Мы павінны быць максімальна салідарнымі з тымі, на каго, праз іх шчырасць і палітычную цэласнасць, у першую чаргу наступае рэпрэсіўная машына”.

У панядзелак Еўрарадыё паспрабуе высветліць, ці сапраўды ў Беларусі забаронена фатаграфавацца побач з бізнес-цэнтрам “Красавік”.

Тым часам сябры Маркелава жартуюць, што ў межах барацьбы з экстрэмізмам у Беларусі сакавік неўзабаве працягнуць да 61 чысла, а пасля адразу будзе надыходзіць травень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі