Akute "Не існуе"
Менестрэлі фэнтэзійнага року, магілёўцы Akute, прадставілі сваю другую студыйную пласцінку "Не існуе".
Выданне другога альбома – бадай што, самае суровае выпрабаванне для каманды, якая больш чым удала стрэліла з першай пласцінкай. Дэбют гурта – пласцінка "Дзевачкі і космас" – быў сходу адзначаны як адзін з лепшых рэлізаў 2011 года. Але ў альбоме "Не існуе" Akute не сталі скакаць вышэй за галаву. Гурт па-ранейшаму можна пазнаць з першага гуку – яны не страцілі фірмовага меладызму нават нягледзячы на тое, што ад бадзёрай касмічнай рамантыкі першага альбому адышлі ў бок змрочных і дэпрэсіўных сюжэтаў. Гук большасці песень у "Не існуе" стаў заўважна лягчэйшы, а тэмп – больш хуткім, чым на першым альбоме.
Пачынаецца пласцінка сінглам "Кроў бы вада". Песня ўсё яшчэ не тое каб прэтэндуе на сапраўдныя пакуты пекла. А менавіта такое падарожжа Akute абяцалі ўсім нам з выхадам "Не існуе". Бліжэй да пякельнай брамы хлопцы падыходзяць ў песні "Яны пад снегам", а вось ужо ў "Іголках" пінком адчыняюць яе. Дарэчы, саундпрадзюсар альбома Яўген Сухавей пайшоў на нечаканы крок і ў "Іголках" ператварыў гітару ў арган.
Дынамічныя мелодыі апраўляюць змрачнаваты змест: для "Не існуе" хлопцы наскладалі вершаў-споведзяў асабістага характару на тэмы кахання, смерці, помсты, балючых успамінаў ды іншых слабасцяў, што надае песням кшталту "Шпіталь" асаблівую глыбіню.
Што да імгненна чапляючых хітоў кшталту кампазіцый "Агонь", "Шчасце" ці, натуральна, "Адзіноцтва", то ў "Не існуе" іх не давядзецца чакаць да канца пласцінкі – ужо ў сярэдзіне альбома схаваліся "выбуховыя" трэкі "Мой родны гут" і "Ціха, як мая смерць".
Бясконцым струменем льюцца на пласцінцы меланхалічныя тэмы, размаляваныя ў выразна злавесныя колеры. Нават "весялуха" песні "Мой родны гут" пра тое, што "лепшыя ўсё адно памруць" і "цемра дакранецца". Ды і той факт, што адны з лепшых песень на альбоме называюцца "Шпіталь", "Ціха, як мая смерць" і г.д. адразу рыхтуюць слухача быць гатовым да своеасаблівага "акутаўскага" маніфеста смерці.
Акрамя гэтых хітоў, на альбоме знайшлося месца і для надзвычай абсурднага трылера – "Ліпкае". Гэтую песню лёгка ўявіць у рэпертуры "Агаты Крысці". Маркотная і цяжкая штучка.
"Не існуе" ад Akute – рок для тых, хто згубіўся ў сваіх фантазіях. Вось, напрыклад, празрыста-безклапотная і вельмі прыгожая "Зорка" – уразлівым людзям будзе чаго нафантазіраваць пад гэтую мелодыю. Тут і прасветленая адлучанасць, і туга па тым, што па-за межамі.
Дарэчы, на альбоме адсутнічаюць "медлякі". Але гэта мы, ды і, спадзяюся, вы, прабачым магілёўскаму гурту з гіпнатычным абаяннем.