Алексіевіч: Званок пранкераў — жаданне адпомсціць мне за агучаную праўду

Алексіевіч: Званок пранкераў — жаданне адпомсціць мне за агучаную праўду

Расійскія пранкеры Ваван і Лексус вырашылі “пажартаваць” з нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч — патэлефанавалі ёй, назваўшыся міністрам культуры Украіны Яўгенам Нішчуком.

І праз некалькі дзён пасля размовы выклалі яе гукавую версію. Яе ўжо нават паспеў у асобным сюжэце агучыць расійскі тэлеканал РТР. Цікава, што працяг свайго жарту, калі яны тэлефанавалі Алексіевіч на наступны дзень, пранкеры так і не агучылі.

“Магу пасмяяцца сама з сябе, бо пранкеры мяне добра “развялі”. Калі мне патэлефанавалі нібыта ад міністра культуры Украіны і сказалі, што хочуць узнагародзіць мяне ордэнам “Нябеснай сотні”, я паверыла. Справа ў тым, што Пётр Парашэнка ўжо тэлефанаваў мне некалькі разоў, мы дамаўляліся з ім на сустрэчу, але ўсё ніяк не атрымлівалася. Таму падумала, што гэта працяг тых спробаў дамовіцца, каб сустрэцца.  Але калі на наступны дзень пазванілі нібыта з Крамля, нібыта памочнік Мядзведзева Дварковіч, з прабачэннямі за выказванні Мілонава і словамі пра намер узнагародзіць мяне ордэнам “Дружбы народаў”, я адразу не паверыла. Але мне стала цікава, і я пачала падыгрываць ім у іх гульні. Тыя, відаць, таксама зразумелі, што іх выкрылі, і званок абарваўся — размова атрымалася незавершанай”, — расказала Святлана Алексіевіч карэспандэнту Еўрарадыё.

Па словах Алексіевіч, у апублікаванай размове з нібыта ўкраінскім міністрам яна паўтарыла тое ж, аб чым казала неаднаразова: аб неабходнасці дэрусіфікацыі Украіны, дэкамунізацыі і зносе савецкіх помнікаў. А на прапанову з’ездзіць у зону АТА адказала станоўча.

Цікавасць да яе пранкераў Алексіевіч тлумачыць негатыўнай рэакцыяй у Расіі на яе інтэрв’ю, апублікаванае прапагандысцкім агенцтвам "Рэгнум".

“У Расіі сёння не хочуць чуць праўду. І гэты шлейф у Расіі вакол мяне — жаданне абліць брудам фігуру, якая перашкаджае. Даўно знаёмы прыём”, — сказала Алексіевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі