Алесь Мікус “Вырай”

Пранізлівыя спевы пад голую гітару сёння выглядаюць татальным архаізмам. І, у той жа час, менавіта яны не састарэюць ніколі. Прынамсі, пакуль не перавядуцца людзі, з грудзей якіх ірвецца песня, але звязвацца з шоў-бізам якім не ахвота.

Якраз з такіх апантаных людзей Алесь Мікус. Песня для яго — не сродак мастацкага выяўлення, а зручны шлях, каб выкладаць уласныя думкі пра ідэальны свет.

2_ukrajina_0.mp3

“Украіна-Lietuva”

Мікус марыць пра духоўнае вяртанне ў мінулае. Ён перакананы праціўнік сённяшняй Беларусі, як на яго думку — “вывернутай”, “выкрыўленай” і антыкультурнай. А залатым векам тутэйшых плямёнаў ён лічыць час, калі Прыбалтыку насялялі галінды, а на поўначы жылі мяра.

3_merjanin_0.mp3

“Мерянин, галинд”

І галінды, і мяра зніклі тысячу год таму, і вядома пра іх няшмат. Яны ідэальна падыходзяць на ролю беларускіх атлантаў — недасяжных звышлюдзей, узораў для сучасных герояў.

1_kruzhliajem_0.mp3

“Мы кружляем”

Песні Мікуса па-бардаўску кароткія і ёмістыя. На альбоме “Вырай” ён спявае па-беларуску, па-руску і па-літоўску. Трэба сказаць, беларускія вершы кладуцца на імклівы гітарны перабор надзвычай натуральна. А вось рускамоўныя рыфмы часам выклікаюць усмешкі:

11_mantemin.mp3

“Мантемин”

У другой частцы альбома Алесь Мікус звяртае ўвагу на сучаснасць. Ёсць тут песня з назвай “Плошча” — абавязковая для нашай краіны, якая, падаецца, з 19 снежня 2010 года так і не выйшла са стану фрустрацыі. Пад гітарнае брынканне Мікус заклікае да сумлення людзей, чыя сінявокая радзіма засталася за сінім морам. Біце ж у сэрца іх, біце мячамі!

10_radzima.mp3

“Радзіма за сінім морам”

Думаецца, у Алеся Мікуса шмат аднадумцаў, такіх жа апантаных і летуценных. Альбом “Вырай” — якраз для іх. Запампаваць яго можна і тады, калі вы збіраецеся на валанцёрскі летнік і хочаце абнавіць рэпертуар баладаў для ляснога вогнішча. Ну, і трэці выпадак: калі бардаўская песня — гэта вечны жанр, а не жанр безнадзейна састарэлы. Ва ўсіх астатніх выпадках я не раіў бы вам губляць на Мікуса час. І асабліва столькі часу, колькі згубіў я падчас працы над гэтай Перадачай-аглядачай.

6_krunkacz.mp3

“Вочы рудога крумкача”


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі