"Алімпіяда, грошай няма". Як танчаць Ён — на сваіх дваіх, і Яна — на вазку
Чэмпіёны Ганна Гарчакова і Раман Усманаў
Беларускія танцоры Ганна Гарчакова і Раман Усманаў прывезлі з Нідэрландаў залатыя медалі Кубка свету па спартыўных танцах. Ён танцаваў на сваіх дваіх, Яна — на інвалідным вазку. Еўрарадыё наведала пару на трэніроўцы ў школе-студыі "Дар". Танцоры распавялі нам гісторыю сваёй радасці і расчараванняў.
"Я нарадзілася з інваліднасцю і з ранняга дзяцінства разумела, што хадзіць ніколі не змагу, — пачынае Ганна. Мы сядзім каля вялізных люстэркаў у танцавальным класе, я — на крэсле, дзяўчына — у інвалідным вазку. — Ужо ў 12 гадоў разумела — трэба вучыцца чамусьці, каб потым можна было знайсці працу. Пасля школы пайшла на псіхолага ў БДПУ. Памятаю, дэкан Святлана Копцева сказала: а давай ты будзеш праходзіць практыку ў тым месцы, дзе табе будзе зручна і дзе пазней зможаш расці. Гэта быў Беларускі фонд дапамогі спартоўцам-інвалідам. Там мне прапанавалі танцаваць, у мяне былі ўсе дадзеныя для гэтага. Памятаю, як дзевяць месяцаў чакала вазок — здавалася, гэта так доўга... А зараз у мяне ўжо свае вучні".
"Люстэркі ў нумары вісяць высока, да вешалак не дацягнуцца"
Неўзабаве Ганна пачала прывозіць у Беларусь узнагароды. Сёння яна лічыцца самай тытулаванай танцоркай у сваім профілі.
"З першым партнёрам пратанчыла тры гады, — успамінае яна. — Потым ён паехаў за мяжу зарабляць грошы. Потым былі яшчэ спробы. Больш за ўсіх танчылі ў пары з Ігарам Кісялёвым — 11 гадоў! Сапраўдны чэмпіён і сябар. Але на жаль — сітуацыя з фінансаваннем нашага віду спорту складваецца так, што і яму давялося пакінуць краіну. Цяпер жыве з сям'ёй у Амерыцы. Па ўсіх праграмах у нас былі медалі".
Ганна кажа, што ад'езд Ігара даўся ёй няпроста. Праз некаторы час, заўважыўшы Рамана і прапанаваўшы яму супрацоўніцтва, яна з вялікім хваляваннем чакала яго рашэння. На шчасце, Раман адказаў "так", таму што раней бачыў выступы партнёркі і захапляўся яе майстэрствам.
"Я адчуў перспектыву, — тлумачыць ён. — Ганна — шматразовая чэмпіёнка. Я паверыў, што змагу разам з ёй паказваць вышэйшы вынік. Нам ёсць чым адзін з адным падзяліцца. Вазок мяне не бянтэжыць, стаўлюся да яго, як да спартыўнага снарада, хоць даволі шмат часу сыходзіць на транспарціроўку, асабліва зімой. У дадатак існуюць праблемы з пандусамі, заездамі, далёка не ўсюды ёсць ліфты, санвузлы для людзей з інваліднасцю... Некалькі трэніровак мы праводзілі ў Палацы прафсаюзаў — прыходзілася ісці наверх па лесвіцы. Што рабіць? Часам прыедзеш куды-небудзь на спаборніцтвы, а люстэркі ў нумары вісяць высока, да вешалак дацягнуцца, няма нармальных праходаў паміж ложкамі. Увогуле, тут дробязяў не бывае".
"Раман адразу адчуваў ва мне звычайнага чалавека"
Першы тытул чэмпіёнаў Беларусі Раман і Ганна заваявалі праз паўгода сумеснай працы. А яшчэ праз месяц — тры гады таму — першы раз сталі ўладальнікамі Кубка свету.
"Мы часта расказваем, паказваем, што людзі з інваліднасцю — такія, як і ўсе, — заўважае Ганна. — Ужо пасля таго, як разумеюць, пачынаеш тлумачыць нюансы. Казаць аб праблемах са здароўем. Звычайна гэта патрабуе часу, але ў працы з Раманам мы на гэта наогул не адцягваліся. Усё было лёгка і проста — Раман адразу адчуваў ва мне звычайнага чалавека".
Партнёры пераапранаюцца. Раман — высокі і добра складзены спартсмен, апускаецца на калена і клапатліва дапамагае Ганне з зашпількай на туфліках. Круціцца кола — Ганна пад'язджае да ноўтбука, уключае музыку. Праз некалькі секунд я бачу танец двух чэмпіёнаў. Упэўненыя крокі, спрытнае кручэнне колаў. Чуллівыя павароты галавы Ганны, узмахі рук, вочы ў вочы...
"Я пачаў займацца позна, у 11 гадоў. У мяне былі праблемы з сэрцам і хрыбетнікам. Лекар параіў ісці ў які-небудзь спорт, каб стаць мацнейшым. Паралельна запісаўся на спартыўныя танцы і тэніс, але тэнісе мяне навучала даволі нервовая і імпульсіўная жанчына. Я закрыўся, а праз некалькі заняткаў і зусім кінуў", — распавядае Раман.
З першымі трэнерамі па танцах — Барысам і Наталляй Паповымі — пашанцавала больш. Раман пачаў ездзіць на міжнародныя спаборніцтвы.
"За гады змяніў шмат студый і партнёрак, — успамінае Раман. — Стаў чэмпіёнам Беларусі, перамагаў у кубках свету і Еўропы. Але потым завяршыў конкурсную кар'еру. Працаваў у розных танцавальных студыях. Цяпер у мяне свая студыя — танцавальны клуб "Акадэмія".
"Начамі не сплю — прадумваю, як усё зладзіць"
Абодва залатыя чэмпіёны не толькі танчаць самі, але і перадаюць вопыт іншым.
"Калі глядзець з пункту гледжання перспектыў, то іх больш у дзяцей, — Раман дзеліцца назіраннямі аб працы са здаровымі вучнямі. — Калі да мяне прыводзяць хлопцаў пасля 11 гадоў, я заўсёды шчыра кажу пра магчымасці. Бо шмат хто пачаў сваю танцавальную кар'еру значна раней, калі яшчэ ў іх не было ніякіх лішніх заціскаў і не даводзілася марнаваць час на карэкцыю паставы. Спаборнічаць на роўных з такімі хлопцамі будзе складана.
Ёсць групы, дзе займаюцца дарослыя людзі. Яны цэлымі днямі сядзяць у офісах, прыходзяць стомленыя, каб пераключыць разумовую нагрузку на фізічную. Тут вельмі важна не ціснуць. Народ займаецца для сябе, а не для нейкіх рэкордаў. Дарэчы, калі працаваў у Славеніі, назіраў, як у буйных кампаніях людзі працуюць, умоўна, да 17:00, а потым усё займаюцца танцамі ці нейкім спортам. Гэта добры фармат".
"Для маіх дзяцей іх танцы — важная частка жыцця, — падхоплівае тэму Ганна. — Што тычыцца чыста фізічных момантаў, то тут усё больш складана: напрыклад, хтосьці з дзяўчынак можа весці вазок толькі адной рукой. Нехта фактычна не валодае корпусам і толкам не можа яго трымаць. Кожны рух правакуе падзенне. Трэба падбудаваць кампазіцыі і арганізаваць трэніроўкі так, каб яны здолелі выканаць усё, атрымалі ад заняткаў задавальненне і гэта іх матывавала.
Часам начамі не сплю і прадумваю, як гэта ўладкаваць. Кожны промах успрымаецца вельмі хваравіта. Тым не менш, хоць і павольна, але мы расцём. І галоўнае, трэніроўкі вельмі карысныя для іх здароўя".
"Паколькі з фінансаваннем праблема, у нас дамова: бярэм толькі самых падрыхтаваных"
Выхаванка студыі "Дар" Ганна Бузун таксама ўдзельнічала ў апошнім турніры Кубка свету — і стала першай у "сінгл-фрыстайле". У дзяўчыны ДЦП. "У маёй сітуацыі патрэбна была нейкая аддушына, дзе можна было б скінуць увесь назапашаны негатыў ад таго, што дзесьці людзі цябе зачапілі, што нешта не атрымалася, звалілася, нейкія праблемы на працы, дома", — казала яна два гады таму, калі мы з ёй пазнаёміліся. А цяпер у яе залаты медаль!
Гэтай вясной беларускія танцоры на інвалідных вазках прывезлі на радзіму шэсць узнагарод.
"На жаль, не ўсіх выхаванцаў атрымоўваецца звазіць на спаборніцтвы, — хвалюецца Ганна Гарчакова. — Паколькі з фінансаваннем праблема, у нас дамова: бярэм толькі самых падрыхтаваных. На шчасце, ніхто не крыўдзіцца, усе хварэюць адзін за аднаго і цешацца перамогам".
"У нас Алімпіяда, грошай няма. Але разумеем"
Да 2010 года Міністэрства спорту і турызму рэгулярна фінансавала і спаборніцтвы, і зборы, і нават выдавала прэміяльныя — да 1 тысячы долараў у эквіваленце за залаты медаль чэмпіянату свету! Потым фінансаванне скончылася. Грошы ў дзяржавы прыходзілася "выбіваць" з цяжкасцю, трэба было шукаць іншыя спосабы, каб застацца на плаву.
"Нават улічваючы тое, што мы дзейсныя чэмпіёны і асноўныя прэтэндэнты на вышэйшыя ўзнагароды, замест таго, каб трэніравацца яшчэ больш, трацім час на пошук спонсараў, — кажа Раман і пачынае паказваць мне калекцыю медалёў. — Мы з'яўляемся дзейснымі чэмпіёнамі Еўропы па спартыўных танцах на вазках, дзейснымі чэмпіёнамі свету. У гэтым годзе будзе чарговы чэмпіянат Еўропы, мы пастараемся адстаяць свой тытул. Мы з'яўляемся двухразовымі чэмпіёнамі Беларусі — 2016 і 2017 года. Акрамя таго, мы выйгралі адкрыты чэмпіянат Германіі 2017 году; сталі двухразовым ўладальнікамі Кубка свету".
Заваяваныя трафеі сыходзяць у залік Міністэрства спорту і турызму. Па словах маіх суразмоўцаў, цяпер сітуацыя з фінансаваннем проста ахавая. Але да гэтай праблемы ўжо прывыклі. На просьбы дапамагчы ў міністэрстве могуць адказаць: "У нас Алімпіяда, грошай няма. Але разумеем, шукаем спонсараў". На наступны год пра танцуючых на інвалідных вазках забываюць.
Прыходзіцца зноў стукацца ў дзверы і прасіць. Але ў патрэбны момант на дапамогу заўсёды прыходзяць неабыякавыя людзі. Нашы спартсмены зноў едуць на спаборніцтвы і зноў прывозяць медалі.