"Алкагольны ўзрост" для беларусаў могуць павысіць да 21 года
Міністэрства ўнутраных спраў выступіла з ініцыятывай заканадаўчай забароны на продаж алкаголю асобам, якія не дасягнулі 21 года.
Пра гэта 19 лютага на пасяджэнні Магілёўскага гарвыканкама заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, піша "Ежедневник".
Цяпер у Беларусі спіртное можна набываць з 18 гадоў.
"Зыходзячы з аналізу, які мы зрабілі з Міністэрствам аховы здароўя, з 18 да 21 года на ўлік у наркадыспансер ставіцца ў 15 разоў больш людзей, чым да 18-гадовага ўзросту", — сказаў Шуневіч . Па яго словах, такія звесткі кажуць пра найбольшую схільнасць да алкагалізму людзей ва ўзросце да 21 года.
Акрамя таго, МУС выступае з ініцыятывай заканадаўча забараніць ужыванне алкаголю асобам да 18-гадовага ўзросту. Адказнасць за ўжыванне алкаголю непаўналетнімі мяркуецца ўскласці на іх бацькоў.
Па словах Шуневіча, гэтыя змены і дапаўненні ў заканадаўства будуць разгледжаныя ў Савеце міністраў у красавіку. Калі ўрад іх ухваліць, змены перададуць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Фота — forum-o.ru