Аляксандр Лукашэнка: Не чапайце чужога! Вы ж усе веруючыя людзі!

13.00-13.35. Аляксандр Лукашэнка адказваў на нешматлікія пытанні прысутных дэпутатаў і сенатараў.

Лукашэнка выказаўся пра адносіны да Беларусі ЗША і ЕС

Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні ўпершыню не згадаў пра палітвязняў і патрабаванне Захаду іх вызваліць.

Паводле слоў Лукашэнкі, ЗША і ЕС не блакуюць ўступленне нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Злучаныя Штаты, паводле кіраўніка дзяржавы, пагадзіліся не палітызаваць гэтае пытанне.

"У бліжэйшы час можам стаць членамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Практычна мы ўжо там", — сказаў Лукашэнка.

Што да адносінаў з ЕС, ён адзначыў: "У нас няма выбару (і не можа быць): з Расіяй, ці з ЕС... Мы не можам быць без Расіі, а Расія не можа кінуць пад ногі беларусаў... Патрабаваць, каб мы павярнуліся "пэўнай часткай" да Расіі, гэта контрпрадуктыўна".

Лукашэнка загадаў стаць заканадаўцамі культурнай моды ў СНД

Падчас паслання беларускаму народу прэзідэнт сцісла даў заданне ўзвесці беларускую культуру на новы ўзровень. І паказаць дасягненні падчас хакейнага чэмпіянату.  
130419_lukaszenkakultura.mp3
Аляксандр Лукашэнка: “Напоўніць новым зместам міжнародныя фестывалі, пераўтварыўшы іх у заканадаўцаў моды на абсягах СНД. Ураду і Мінгарвыканкаму ў сціслыя срокі стварыць арт-цэнтр актуальнага мастацтва ў Мінску з улікам сусветнага досведу і правесці на яго базе масштабную выставу, якая стане часткай праграмы хакейнага чэмпіянату 2014-га года”.

Лукашэнка: не дапушчу рэвалюцый, а будуць бамбіць — атрымаюць па мазгах!

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што не дапусціць у нашай краіне рэвалюцый. У той жа час, кажа ён, "хай існуе апазіцыя, сапраўдная апазіцыя. Хай змагаюцца на выбарах... А будуць бамбіць, атрымаюць па мазгах!"

У пачатку прамовы Лукашэнка пахваліўся 50-м месцам у рэйтынгу ААН

У пачатку паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Лукашэнка зрабіў акцэнт на небывалы поспех Беларускай дзяржавы. 
130419_lukaszenkarejtyngaan_0.mp3
Аляксандр Лукашэнка: “Згодна рэйтынгу Арганізацыі аб’яднаных нацый мы выйшлі ў лік першых 50 дзяржаў свету па індэксе чалавечага развіцця. Гэта самы высокі паказчык сярод дзяржаў СНД. Паказчык, які не мы вызначаем”.

Згодна з рэйтынгам ААН, Беларусь заняла акурат 50-е месца, абагнаўшы, да прыкладу, Панаму і Бразілію, дзе эканомікі развіваюцца надзвычай паспяхова, але дагэтуль мала сацыяльных праграм для бедных. Суседнія Літва і Латвія, якіх часта крытыкуюць беларускія ідэолагі за высокія кошты і развал прамысловасці, стаяць значна вышэй за Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы: памежнікі баяліся спыніць нягодніка!

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на мяжы будзе наведзены парадак.

"Дайшлі да таго, што памежнікі баяцца спыніць нягодніка!.. Мы яго ловім унутры краіны, трацім вялікія грошы..". Цяпер жа такога больш не павінна здарыцца. "Памежнікі будуць ужываць зброю пры першым непадпарадкаванні! Мяжа — гэта не дзірка!", — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, у студзені сёлета праз беларускую мяжу з Польшчы прарваўся на аўтамабілі грамадзянін Расіі. Суд над ім цяпер праходзіць у Брэсце.

130419_lukaszenka_pra_czynounikau-varou_0.mp3
“Мужыкі! Пятля — яна такая. Сунуў туды галаву і няма цябе. Не сунь галаву ў пятлю! Не лезь туды сам! Вы думалі, што гэта нейкі піяр быў? Ды няма ніякага піяру… Карацей, я ўсіх папярэдзіў. Крок улева, крок управа — самі ведаеце, што будзе. Не чапайце чужога! Бокам жа выйдзе… Вы ж усе веруючыя. У храме часам думаю, зараз кінуцца на падлогу і будуць біць ілбом у гэтую падлогу. Свечкі трымаюць у руках. Дык, родныя мае, калі вы прыходзіце ў храм, калі вы так шчыра верыце, навошта ж вы крадзеце?! Чаму вы дрэнна працуеце? Я штосьці выдумаў тут? Не!”, — заявіў кіраўнік краіны.

Перад гэтым эмацыйным выступам Лукашэнка прывёў прыклад “Белэнэрга”, дзе былі зафіксаваныя растраты памерам у “дзесяткі, а можа і ў сотні мільёнаў”.

Лукашэнка: За год складскія запасы павялічыліся ўдвая

Аб гэтым кіраўнік краіны паведаміў падчас штогадовага паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
130419_lukaszenka_pra_zapasy_0.mp3
“Нягледзячы на станоўчую дынаміку, актыўна растуць запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў. Як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні. На 1 красавіка на складах сабралася прадукцыі на 30 трыльёнаў рублёў. Практычна ў два разы больш, чым у мінулым годзе. У чым справа?”, — заявіў Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, вынікам працы беларускіх прадпрыемстваў павінен стаць канчатковы прыбытак, а не пэўная колькасць выпушчанай прадукцыі.

Лукашэнка: народ павінен пабачыць да 7 лістапада вынікі мадэрнізацыі

У сваім выступе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мадэрнізацыя беларускіх прадпрыемстваў — "гэта не манілаўшчына" і не яго выдумка.

"Да 7 лістапада народ павінен пабачыць вынікі мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў!", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, каб выйграваць "у цяжкай канкурэнтнай барацьбе", трэба абнаўляць свае веды і тэхналогіі. "Абнаўленне — гэта новы этап у нашым развіцці. Мы павінны абаперціся на тры моцныя нацыянальныя праекты — мадэрнізацыя, інфарматызацыя, падтрымка моладзі".

Лукашэнка назваў тры важныя словы: хуткасць, гнуткасць, творчасць

Кіраўнік дзяржавы ў пятніцу звяртаецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

У пачатку сваёй прамовы Аляксандр Лукашэнка сказаў, што выбар у Беларусі ў цяперашняй сітуацыі невялікі: ці прыстасавацца да пераменаў, якія хутка адбываюцца ў свеце, ці застацца на абочыне. Ён сказаў, што ад людзей сёння патрабуецца хуткасць, гнуткасць і творчасць.

"Толькі творчасць можа забяспечыць прарыў у групу лідараў", — сказаў Лукашэнка.

Ён заклікаў не расслабляцца, бо жыццё "ударыць па галаве і вельмі моцна, і можа не адзін раз".

11.05. Аляксандр Лукашэнка пачаў сваё выступленне.

10.55. Затрымалі журналістаў Радыё Свабода і БелаПАН

Алег Груздзіловіч асвятляў акцыю пратэсту, якую ладзіла грамадская ініцыятыва "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры" на плошчы Незалежнасці.

Журналіста затрымалі за тое, што ён здымаў будынак Палаты прадстаўнікоў. Ахова патлумачыла, што гэта рэжымны аб'ект.

Яго вязуць у міліцыю Маскоўскага раёна. Міліцыянты сказалі, што там будуць разбірацца, інфармуе Радыё Свабода.

Таксама быў затрыманы і відэааператар БелаПАН Сяргей Сацюк.

Аўтазакі каля Дома ўраду. Фота — Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

***

Сёння кіраўнік дзяржавы звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Як інфармуе БЕЛТА, выступ кіраўніка дзяржавы будзе транслявацца ў жывым эфіры па тэлеканале "Беларусь 1" і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Трансляцыя з Авальнай залы Дома ўрада пачнецца а 11-й. Тэлеверсію паслання пакажуць у вечаровым эфіры беларускіх тэлеканалаў.

На мерапрыемства запрасілі таксама вышэйшых службовых асобаў краіны, чальцоў урада, кіраўнікоў органаў дзяржкіравання, найбуйнейшых прадпрыемстваў. Таксама запрошаныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і сродкаў масавай інфармацыі.

Нагадаем, летась Аляксандр Лукашэнка выступаў з падобным пасланнем 8 траўня. Яно было таксама спачатку запланаванае на 19 красавіка, але кіраўнік дзяржавы адправіў тэкст на дапрацоўку.

Фота — Алеся Пілецкага, Еўрарадыё

Самыя цікавыя месцы з пасланняў Аляксандра Лукашэнкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі