Аляксандр Рыбак сабраў гёрлз-бэнд для нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне"
Імёны дзяўчат, якія ўдзельнічалі ў адмысловым кастынгу, нарвежскі музыка аб'явіў 3 лістапада.
Аляксандр Рыбак зняў відэа, у якім аб'явіў вынікі кастынгу, які праводзіў напрыканцы кастрычніка ў беларускіх гарадах. У гёрлз-бэнд, які будзе змагацца за паездку на "Еўрабачанне-2015" з песняй Аляксандра на беларускім адборы, трапілі 5 дзяўчат з розных беларускіх гарадоў.
"Мы з камандай пачулі шмат цікавых галасоў, — звярнуўся Рыбак да ўдзельніц кастынгу. — Калі вы не прайшлі, гэта не значыць, што вы не таленавітыя. У мяне проста ёсць свая канцэпцыя і я абраў дзяўчат для свайго нумару згодна з ёй".
Такім чынам, квінтэт склалі мінчанкі Таццяна Стахоўская і Ганна Рай, Вікторыя Назарка з Гродна, гамяльчанка Таісія Серыкава і Марына Путнікава з Горак.
Неўзабаве гурт пачне працу над запісам песні і пастаноўкай нумара.
Нагадаем, пераможца "Еўрабачання-2009" зноў спакусіўся на конкурс, толькі гэтым разам у якасці прадзюсара. Аляксандр Рыбак напісаў песню "My accent", якая будзе спалучаць сучасныя тэндэнцыі і фальклорныя матывы. Фішкай нумара, кажа музыка, будуць "шчырыя і ўсмешлівыя беларускі".
Ганна Рай
Вікторыя Назарка
Марына Путнікава
Таісія Серыкава
Таццяна Стахоўская
"Еўрабачанне-2015" пройдзе ў траўні ў Вене.
"Белтэлерадыёкампанія" ужо пачала прыём заявак на ўдзел у "Еўрабачанні-2015". Яны будуць прымацца да 21 лістапада. Праслухоўванне ўдзельнікаў пройдзе 5 лістапада. Фінал беларускага адбору на "Еўрабачанне-2015" пройдзе не пазней за 23 студзеня і будзе транслявацца ў жывым эфіры.
Чытайце таксама: Як я хадзіла на кастынг да Аляксандра Рыбака (фота, аўдыё, відэа)