Аляксандра Сасновіч у парным разрадзе "Ралан Гарос" выйшла ў 1/8 фіналу
Аляксандра Сасновіч засталася адзінай беларускай тэнісісткай, якая працягвае змагацца на адкрытым чэмпіянаце Францыі. Яна выступае ў парным разрадзе разам з кітаянкай Дуань Ін'ін.
1 чэрвеня беларуска-кітайскі тандэм у матчы 1/16 фіналу перамог украінска-аўстралійскую пару Надзея Кічанок / Анастасія Радзівонава — 6:4, 1:6, 6:4, перадае БЕЛТА.
Іх канкурэнты ў 1/8 фіналу яшчэ невядомы. Імі стануць пераможцы сустрэчы паміж чэшскай парай Барбара Стрыцава / Андрэа Главачкава і аўстралійска-расійскага дуэта Саманта Стосур / Анастасія Паўлючэнкава.
Як паведамлялася раней, усе астатнія беларускія тэнісісты ўжо выбылі і з адзіночных, і з парных спаборніцтваў.
Турнір "Ралан Гарос", другі ў сезоне турнір серыі "Вялікага шлема", завершыцца 10 чэрвеня. Сёлета яго агульны прызавы фонд складае каля 40 мільёнаў еўра.