Аляксея Навальнага перавялі ў калонію строгага рэжыму

Аляксей Навальны ў судзе / Фота Ілля Піталеў
Аляксей Навальны ў судзе / Фота Ілля Піталеў

Расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага перавялі ў калонію строгага рэжыму, паведамляюць расійскія СМІ. Павезлі, не папярэдзіўшы ні адвакатаў, ні сваякоў. Напярэдадні да яго намагаўся трапіць адвакат, але яму сказалі: "Няма такога асуджанага". Пры гэтым куды этапавалі палітыка, абаронцу не сказалі.

"Праблема з пераводам у іншую калонію не толькі ў тым, што калонія строгага рэжыму значна страшнейшая. Увесь той час, пакуль мы не ведаем, дзе Аляксей, ён застаецца сам-насам з сістэмай, якая ўжо спрабавала яго забіць. Таму цяпер галоўная задача — знайсці яго як мага хутчэй", — казала журналістам прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш. Яе словы прыводзіць Deutsche Welle.

Пазней Навальны знайшоўся ва Уладзіміраскай вобласці ў ПК-6 у Мелехаве.

"Пра гэтую калонію вядома, што ўмовы ў ёй самыя-самыя суровыя. Гэтая калонія знаходзіцца ў самым мядзведжым куце Уладзімірскай вобласці, да яе вельмі цяжка дабрацца, вакол, акрамя зон, няма нічога", — расказала заснавальніца "Руси сидящей" Вольга Раманава ў эфіры "Настоящего времени".

Паводле яе слоў, у Навальнага зменіцца графік спатканняў, атрымання пасылак і перадач. Спатканні будуць радзейшымі, радзей ён зможа атрымліваць і пасылкі. 

Нагадаем, у канцы сакавіка Ляфортаўскі суд Масквы прысудзіў Навальнага да дзевяці гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па новай справе аб махлярстве і абразе суддзі. Адвакаты падавалі апеляцыю, але Масгарсуд яе адхіліў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі