Алжыр: 82-гадовы прэзідэнт адмовіўся балатавацца на пяты тэрмін
Мужчына радуецца рашэнню Абдэльазіза Бутэфлікі пакінуць пасаду прэзідэнта. Алжыр, 11 сакавіка/Reuters
82-гадовы прэзідэнт Алжыра Абдэльазіз Бутэфліка звярнуўся з лістом да суграмадзян, у якім заявіў, што не будзе балатавацца на новы, пяты тэрмін, паведамляе "Новая газета" са спасылкай на афіцыйнае інфармагенства APS.
Бутэфліка таксама заявіў аб пераносе прэзідэнцкіх выбараў, першы тур якіх быў прызначаны на 18 красавіка, і стварэнні пераходнага ўраду. У лісце адзначаецца, што ён прыняў рашэнне не пераабірацца на новы тэрмін з-за масавых пратэстаў, трэці этап якіх прайшоў па ўсёй краіне 8 сакавіка. Пратэсты пачаліся ў сярэдзіне лютага і былі выкліканыя рашэннем Бутэфлікі, які знаходзіцца з 1999 года ва ўладзе, вылучыцца на новы тэрмін.
Напярэдадні самалёт адміністрацыі прэзідэнта Алжыра транспартаваў 82-гадовага Абдэльазіза Бутэфліку з Жэневы, дзе ён два тыдні праходзіў "планавае абследаванне", на радзіму.