Амаль кожны тыдзень у Беларусі выяўляюць міліцыянераў-парушальнікаў
Амаль кожны тыдзень у Беларусі выяўляюць міліцыянераў-парушальнікаў. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Паводле яго слоў, амаль кожныя выхадныя МУС арганізуе рэйды па ўсёй краіне для выяўлення парушальнікаў сярод міліцыянераў. Падчас адпачынку ў праваахоўнікаў “шмат спакусаў”, кажа Шуневіч. Вось і трапляюцца падчас кожнага рэйду на розных парушэннях па некалькі чалавек.
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Ігара Шуневіча, чаму апошнім часам так шмат здарэнняў з удзелам міліцыянераў: і шэрагоўцаў, і афіцэраў? Міністр кажа, што гэта — “вынік новай палітыкі галоснасці, якую праводзіць міністэрства ўнутраных спраў”. Яшчэ некалькі гадоў таму, кажа Шуневіч, ведамства было “вельмі закрытае” і падобныя выпадкі проста не сталі б вядомыя. Цяпер жа пра іх гавораць “у мэтах прафілактыкі”.