Амбасадар Украіны: калі я перасякаў мяжу Беларусі, мае асабістыя рэчы дагледзелі
Давер у адносінах паміж Украінай і Беларуссю моцна падарваны апошнімі падзеямі. Каб аднавіць яго, спатрэбіцца шмат часу. Пра гэта амбасадар Украіны ў Мінску Ігар Кізім паведаміў у інтэрв'ю hromadske.ua.
Ён згадаў гісторыю з затрыманымі ў Беларусі "вагнераўцамі". Афіцыйны Мінск выдаў іх у Расію, нягледзячы на просьбы Украіны перадаць тых, каго яны лічаць злачынцамі.
Расказаў Кізім і пра грубае парушэнне дыпламатычнай недатыкальнасці на беларускай мяжы: "Калі я перасякаў мяжу, вяртаючыся на ўласным транспарце з Украіны, я стаў аб'ектам дагляду. Дагледзелі мае асабістыя рэчы, што ўвогуле не адпавядае дыпламатычнай практыцы. Прымусілі мяне адкрыць аўтамабіль, паказаць, што ў багажніку. Я за 27 гадоў працы ні разу не сутыкаўся з такім".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.