Амбасадар ЗША ў Беларусі можа быць часова акрэдытавана ў Літве
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр можа быць часова акрэдытавана ў Літве. Такі запыт Вашынгтон накіраваў Вільні, і ён неўзабаве будзе разгледжаны. Пра гэта заявіў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Мантас Адаменас, паведамляе bns.lt. Фішэр дагэтуль не атрымала беларускую візу (як і яшчэ пяць амерыканскіх дыпламатаў) і пакуль будзе працаваць у Вільні. 21 красавіка яна разам са Святланай Ціханоўскай удзельнічала ў памятным мерапрыемстве, прымеркаваным да гадавіны аварыі на ЧАЭС.
Напярэдадні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей выказаўся наконт узніклай праблемы з візай для Джулі Фішэр. "Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта", — заявіў ён.
Днямі стала вядома, што ЗША ўводзяць санкцыі супраць "Белнафтахіма" і яшчэ 8 дзяржпрадпрыемстваў. У МЗС Беларусі "выклікае сур'ёзныя пытанні" паспешнасць аднаўлення гэтых санкцый Злучанымі Штатамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.