Паліенка ў судзе: мне сказалі — або надзяваеш куртку, або здымаеш кашулю
14 лютага анархіста Змітра Паліенку не прапусцілі ў Вярхоўны суд, дзе разглядалася яго апеляцыйная скарга на прысуд Мінскага гарадскога суда. Актывіста анархісцкага руху не пусцілі з-за... вопраткі. На ім была турэмная роба з нашыўкамі — надпісам "Свабоду Емяльянаву" па-англійску і чырвоным трохкутнікам (гэтым знакам у нацысцкіх канцлагерах пазначалі камуністаў і іншых левых).
Як распавядала Еўрарадыё, днямі ў Мінску па сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму было прысуджана анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Комару. Яны падтрымалі Паліенку, калі быў суд над ім.
У каментары Еўрарадыё Паліенка распавёў пра тое, як адбываўся канфлікт з аховай Вярхоўнага суда:
"Ім не спадабалася, што на мне была турэмная роба. На ёй была бірка там, дзе ставяць кляймо ў зняволеных — там было напісана "Свабоду Емяльянаву". Я ім тлумачыў, што гэта не паводле закону: калі вы мне нічога не пакажаце, я маю поўнае права прайсці. Але мяне трымалі і нікуды не прапускалі. Казалі: "Або ты надзяваеш куртку, або здымаеш кашулю — па-іншаму ты не пройдзеш".
14 лютага Паліенка абскарджваў свой прысуд — тры гады "хатняй хіміі" з падпіскай аб нявыездзе і прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Аднак калегія Вярхоўнага суда пакінула прысуд без зменаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.